Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Гэта дом нашых малітваў, і мы самі з’яўляемся домам Бога»: у Пінску адбыліся ўрачыстасці ў гадавіну асвячэння катэдральнага касцёла
Беларусь - Пінская дыяцэзія
01.05.2015 14:40

1 мая ў Пінску адбыліся ўрачыстасці ў гадавіну асвячэння катэдральнага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Святую Імшу цэлебраваў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

Падчас Імшы біскуп нагадаў, што дата асвячэння пінскай катэдры асабліва адзначаецца сёлета, у 90-годдзе заснавання Пінскай дыяцэзіі. “Гэта дом нашых малітваў, і мы самі з’яўляемся домам Бога. Як Божы дом, мы будуемся ў гэтым свеце, каб пры яго заканчэнні былі асвечаныя”, - сказаў у гаміліі іерарх.

Біскуп узгадаў гісторыю пінскай катэдры. Першы касцёл на гэтым месцы быў уфундаваны Пінскім князем Зыгмунтам Кейстутавічам у 1396 годзе, вымураваны ў 1510 годзе, адбудаваны пасля пажару ў 1712 годзе коштам братоў меншых канвентуальных францішканаў, кансэкраваны Баляславам Рупнеўскім, біскупам Луцкім і Брэсцкім, у 1730 годзе. Пасля пажару быў адноўлены ў 1921 годзе пробашчам кс. Станіславам Вуйтікам і ахвярадаўцамі з усяго краю. 28 кастрычніка 1925 года Папам Піем ХІ быў узвышаны да годнасці катэдральнага касцёла. Аднова пазалоты алтароў, рэстаўрацыя святыні ўнутры і звонку былі праведзены ў мінулыя дзесяцігоддзі кардыналам Казімірам Свёнткам пры падтрымцы духавенства і свецкіх вернікаў. Замена 23 вокнаў катэдры была праведзена ў мінулым годзе.

“У святыні ёсць алтар. Таму кожны з нас, хто рупліва ў гэтай святыні моліцца, прадстаўляючы Богу просьбы, падзякі, мольбы і прашэнні ў розныя гадзіны сутак, той і з’яўляецца тым матэрыялам, тым каменем, з якога Пан будуе алтар, - дадаў біскуп. - Святыня заклікае нас да адзінадумства і згоды - такі дух панаваў у Апосталаў. Тыя, хто здольны адным духам і адным голасам маліцца, годныя, каб быць адным алтаром, на якім Езус складае ахвяру Айцу”.

Пінскі ардынарый пажадаў, каб катэдра спрыяла “духоўнаму ўмацаванню, аднаўленню ўсіх тых, хто яе наведвае”.

Таксама іерарх нагадаў, што ў гэты дзень Касцёл адзначае ўспамін св. Юзафа, апекуна людзей працы. “Сёння ў свеце ёсць дзве праблемы, звязаныя з працай. Першая - гэта беспрацоўе, і часта беспрацоўны адчувае пакінутасць, непрыдатнасць, губляе пашану і годнасць у радні, якая яго беспрацоўе нярэдка прыпісвае бяздарнасці і адсутнасці ініцыятывы, - адзначыў пінскі ардынарый. - Але праблема беспрацоўя - гэта праблема не толькі дзяржаў, але і нас усіх. Мы павінны шукаць выйсця з такой сітуацыі і дапамагаць людзям, не з уласнай віны беспрацоўным”.

Падобным злом іерарх назваў і “надмерную працу, працагалізм”. Працагалізм, па словах біскупа, “забівае сямейнае жыццё, перашкаджае быць  сапраўды чалавечнымі”, “многія сужэнствы становяцца мёртвымі ў пагоні за бажком, які называецца грошы”, таму “варта памятаць, што праца для чалавека, а не чалавек для працы”.

“Чалавечая праца таксама ідзе на алтар Божы, - дадаў біскуп Антоні Дзям’янка. – Мы ўключаем у Эўхарыстыю нашу працу. Хрыстус прымае яе і лучыць са сваёй збаўчай ахвярай”.  

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.