Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Антоні Дзям’янка на святкаванне залатога юбілею сужэнства ў Дзераўной: «Моцныя сем’і – каштоўнасць не толькі для Касцёла, але і для грамадства»
Беларусь - Пінская дыяцэзія
02.05.2015 15:20

2 мая ў парафіі ў Дзераўной святкаваўся залаты юбілей сужэнства Леаніда і Станіславы Дубатовак, якія маюць 3 дзяцей, 6 унукаў і 2 праўнукаў. Святую Імшу цэлебраваў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

“Пражыць у сужэнстве 50 гадоў – ці ж гэта не вялікая каштоўнасць і скарб? – сказаў біскуп у гаміліі. – Разважаючы над ахвярай евангельскай удавы, мы можам сказаць, што складаем у скарбонку нашага жыцця самае лепшае. Не значыць, што гэта могуць быць толькі матэрыяльныя каштоўнасці, жыццёвыя дасягненні і багацце. Перадусім гаворка ідзе аб любові”.

Звяртаючыся да юбіляраў, іерарх адзначыў: “У Касцёле вы з’яўляецеся нібы каштоўнай пярлінай, бо за вамі столькі гадоў вернай любові. І хоць жыццё часта бывае неспакойным, як мора, вы, аднак, так моцна прынялі Хрыста ў свае сэрцы, так моцна прыхіліліся да Яго Крыжа ахвярнай любові, што сёння збіраеце плёны 50-гадовых пасеваў”.

“Сваім ціхім сведчаннем вы дадаеце адвагі і абуджаеце надзею ў сэрцах іншых людзей, - дадаў пінскі ардынарый. - Вы вучыце, што дом трэба будаваць на скале. А скалой з’яўляецца Хрыстус. Ён павінен быць скалой, а не ўпрыгожваннем фасаду дома, які будуем, разлічваючы толькі на свае сілы”.

“50 гадоў таму вы сталі пры алтары Пана ў гэтым касцеле, просячы аб благаслаўленні на супольную дарогу. Як самі памятаеце, тады былі толькі сведкі і святар, не іграў для вас арган і не запальваліся жырандолі. Аднак вы вытрымалі з тым благаслаўленнем 50 супольна пражытых гадоў, - заўважыў біскуп. - Сакрамэнтальнае сужэнства – гэта нашмат больш, чым легалізацыя сумеснага побыту на ўмовах гэтага свету. Гэта ўваход у супольнае жыццё сужэнцаў з Хрыстом. Такое сужэнскае жыццё вядзе да паўнаты шчасця, якое можна пабудаваць толькі на фундаменце глыбокай, адчувальнай кожны дзень еднасці з Богам”.

Звяртаючы ўвагу, што “многія людзі сёння не лічаць сужэнства непарыўным саюзам, які трывае ўсё жыццё”, “усё радзей хочуць мець шлюб і выбіраюць іншыя формы сумеснага жыцця”, іерарх адзначыў: “Страх перад распадам сям’і так моцна перашкаджае, што яны не рашаюцца на заключэнне сужанскага саюза. Яны не хочуць быць паслухмянымі Хрысту, які адорвае сваёй ласкай сужэнства і сям’ю”.

Біскуп падкрэсліў, што “ў Пану Богу належыць убачыць крыніцу дабра для сямейнага жыцця”, а “найбольшае і найлепш пераканаўчае сведчанне благаславенства хрысціянскага сужэнства – гэта ўзорнае жыццё сужэнцаў і сям’і”.

“Добрыя сужэнствы, моцныя сем’і – гэта каштоўнасць не толькі для Касцёла, але і для народа, для ўсяго грамадства, - дадаў пінскі ардынарый. - Якой будзе сям’я, такім будзе і народ. Калі сем’і будуць злучаныя, верныя, непарыўныя – народ ніхто не знішчыць”.

“Пакліканне да сужэнства і сям’і вельмі важнае і высакароднае, з ім звязаны вялікая адказнасць і заданні. Калі сям’я не выканае свае абавязкі і выхаваўчыя заданні, то загіне ўвесь народ. Калі сям’я будзе разбітай, то дэградацыя наступіць і ў грамадстве. Толькі здаровая сям’я здольная захаваць і выратаваць грамадства”, - падкрэсліў біскуп, дадаўшы, што “шчаслівае сужэнства патрабуе адмаўлення ад эгаізму”, а “сужэнская любоў – гэта дар каханай асобе з самога сябе”.

Біскуп пажадаў юбілярам, каб Маці Божая Шкаплерная, якая ўшаноўваецца асабліва ў гэтай парафіі, дзе 50 гадоў таму яны складалі сужэнскую прысягу, ахінала іх плашчом сваёй апекі і выпрошвала для іх у Сэрца свайго Сына шчодрае благаслаўленне.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.