“Сэрца ў цернях” – пад такой сімвалічнай назвай праходзілі рэкалекцыі для моладзі ў кляштары сясцёр кармэлітанак ад Дзіцяткі Езуса. Духоўныя практыкаванні, якія праводзіў кс. Раман Суша, працягваліся з 30 красавіка па 2 мая і мелі даволі насычаную праграму.
Гэта ўжо трэція, заключныя рэкалекцыі на тэму хваробаў сэрца, якія праводзіць кс. Раман Суша. У кастрычніку мінулага года моладзь распачынала шлях духоўнага аздараўлення сэрца падчас тэматычных рэкалекцый “Сэрца пры дарозе”, зімой маладыя католікі шукалі адказ на пытанне, у чым прычыны скамянеласці сэрца і як гэтае сэрца растапіць.
Вясновыя ж рэкалекцыі былі прысвечаны трэцяй хваробе сэрца, якая з’яўляецца наступствам першароднага граху – хваробе сэрца ў цернях. Моладзь даведалася, што можа быць цернямі сэрца, якія не даюць Богу ўвайсці ў яго.
Асаблівасцю гэтых рэкалекцый была цёплая сяброўская атмасфера. Моладзь не толькі ўдзельнічала ў канферэнцыях і разважала над Словам Божым, але і бавіла сумесна вольны час у гульнях і задушэўных размовах.
Што датычыць духоўнай атмасферы, то яна была даволі моцнай. Падчас канферэнцый можна было пачуць шмат цікавай інфармацыі.
“Мы бачым, што чалавек, які адышоў разам з першародным грахом ад Бога, настолькі паграз у гэтым церні і асоце, што Бог, які да яго набліжаецца, не можа падыйсці блізка да сэрца. Не можа там прарасці, таму што церні і асот з’яўляюцца наступствам першароднага граху. Мы разумеем, што хрост змывае першародны грэх, але застаюцца яго наступствы. Гэта пажадлівасці, гэта пыха. Тое, што ў чалавеку не дазваляе паверыць прыходу Бога ў яго сэрца”, - адзначыў кс. Раман Суша на пачатку рэкалекцый.
Святар таксама распавёў, што, калі чалавек мае пэўныя церні ў сабе, то ён атаясамліваецца з гэтымі цернямі, сам распаўсюджвае іх сярод свайго акружэння.
Такім чынам, як адзначалася, патрэбна ведаць свае церні, якія могуць перадавацца з пакалення ў пакаленне. Прычынай церняў з’яўляюцца злыя духі, якія праз духоўныя форткі могуць увайсці ў жыццё чалавека.
Аднак чалавек можа супрацьстаяць церням у сваім мысленні. Калі ён пастаянна адракаецца ад зла, то фармуе цноты ўстрыманасці.
У гаміліі кс. Раман Суша заўважыў: “Калі мы ўкідваем зерне ў сэрца іншага чалавека, то церні хочуць забіць гэтае зерне. Аднак Езус кажа: “Не бойцеся”. Трэба ісці дарогаю Хрыста, быць тымі святарамі, якія нясуць зерне іншаму. Варта не зламацца і ісці насуперак усяму”. Святар распавёў, што лекамі супраць церняў у сэрцы з’яўляецца надзея, але “надзея, накіраваная не на тое, што бачнае, а на нябачнае, бо мы змагаемся не супраць людзей, а супраць зла… Калі мы распазналі свае церні, патрэбна паглядзець на іх вачыма душы. Неабходна быць сынамі Божымі, якія дазваляюць Богу спаліць гэтыя церні.”
Марына Валасар
|