Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Сакрамэнт канфірмацыі адбыўся ў парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Баранавічах
Беларусь - Пінская дыяцэзія
10.05.2015 13:55

10 мая ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Баранавічах адбыўся сакрамэнт канфірмацыі, які ўдзяліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. Сакрамэнт прынялі 20 чалавек, у асноўным моладзь.

У гаміліі, разважаючы над чытаннем Евангелля на гэтую нядзелю, біскуп Антоні Дзям’янка звярнуў увагу на тое, што сустрэча з Уваскрослым Езусам «перамяніла жыццё і свядомасць» вучняў. «Яны не толькі рашуча адчынілі Вячэрнік, але і з яго выйшлі; яшчэ хвіліна — і яны распачынаюць шлях, каб адкрываць сэрцы людзей на Вестку, выкліканую фактам Уваскрасення, — адзначыў пінскі ардынарый. — Трывалая прыстутнасць Духа Святога абяцана тым, хто будзе распарадчыкам сакрамэнту пакаяння і веснікам Добрай Навіны аб збаўленні».

Кажучы аб прабачэнні грахоў, іерарх нагадаў: «Вера ў прабачэнне грахоў моцна злучана з верай у Боства Хрыста і дзейснасць адкуплення ў Езусе Хрысце. Ніхто, аднак, без дапамогі Духа Святога не можа сказаць: Панам ёсць Езус. У гэтых словах праяўляецца адна з асноўных місій Духа Святога: Ён з’яўляецца святлом для распазнання ў ЕзусеХрысце Пана і Збаўцу».

«Дзякуючы святлу Духа Святога ў чалавечым абліччы Хрыста мы распазнаём дасканалы вобраз Нябачнага Бога, а ў слове Езуса Хрыста і навучанні Касцёла распазнаём голас самога Бога», — адзначыў біскуп, дадаўшы, што «Святы Дух — унутраны настаўнік, які асабліва навучае, дае разуменне пачутых словаў».

Іерарх нагадаў таксама, што Святы Дух, якога атрымліваюць прымаючыя сакрамэнты канфірмацыі, «дапамагае раскрыць таямніцу Найсвяцейшай Тройцы», «праз Яго мы адкрываем скарбы святых сакрамэнтаў, якія прымаем у Касцёле і якія дапамагаюць нам на дарозе да святасці».

Гаворачы прымаючым сакрамэнт канфірмацыі пра намашчэнне іх святым алеем, іерарх патлумачыў: «Ён як пячатка Духа Святога. Пячаткай памазання святым алеем вы яшчэ больш замацоўваеце прыналежнасць да Каталіцкага Касцёла».

Кажучы пра дары Духа Святога, якія атрымліваюць у гэтым сакрамэнце, біскуп заўважыў: «Дары гэтыя дадзеныя для нашай душы, якая пазнае і выбірае дабро альбо зло. Мы прымаем гэтыя дары, каб мець унутраную сілу заўсёды, каб выбіраць дабро, а не зло».

Пінскі ардынарый расказаў таксама пра кожны з сямі дароў Духа Святога: мудрасці, які «чыніць, што чалавек сузірае Бога і разважае над Божымі справамі»; розуму, які «ачышчае розум чалавека, каб лепей мог зразумець Божае пасланне»; рады, праз які «Дух Святы схіляе і натхняе чалавека да таго, што ён мае чыніць у канкрэтных жыццёвых сітуацыях згодна з Божым намерам»; мужнасці, «з якім Дух Святы прыходзіць з дапамогай тады, калі чалавек слабы»; умеласці, «асаблівасцю якога ёсць трапнасць ацэнкі адносна стварэнняў»; пабожнасці, што «ўзбуджае ў чалавеку глыбокую пашану і праслаўленне Бога»; боязі Божай, калі «Дух Святы дае душы тое, што неабходна, каб падтрымаць у яе належную пашану да велічы Пана, падданасць Божай волі».

Біскуп Антоні Дзям’янка пажадаў прымаючым сакрамэнт канфірмацыі, каб гэты дзень стаў для іх «сапраўдным Вячэрнікам, шчодрым на дары Духа Святога», і каб праз прыняцце гэтага сакрамэнту яны станавіліся «яшчэ больш моцнымі ў вызнаванні веры, у любові да Бога, Касцёла і руплівасці аб збаўленні свету».

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.