Урачыстасці ў Лагішыне: Каралева Палесся сабрала пілігрымаў ад 2,5 да 87 гадоў |
Беларусь - Пінская дыяцэзія |
11.05.2015 15:04 |
10 мая ў Лагішыне прайшлі ўрачыстасці, прысвечаныя гадавіне каранацыі цудатворнага абраза Маці Божай Лагішынскай, Каралевы Палесся. Напярэдадні, 9 мая, адбылася XXIII Дыяцэзіяльная пешая пілігрымка з Пінска ў санктуарый у Лагішыне. Каранацыя абраза адбылася ў 1997 г. дзякуючы намаганням кардынала Казіміра Свёнтка. Абраз вядомы з пачатку XVIII стагоддзя, калі ён праславіўся шматлікімі цудамі. Распачалося паломніцтва ў 7.30 са штодзённых малітваў хрысціяніна і благаслаўлення на гэты святы шлях, якое ўдзяліў пробашч катэдры а. Пётр Бялевіч. Узначаліў пілігрымку кс. Павел Ярашэвіч, вікарый катэдральнага касцёла ў Пінску, які вёў вернікаў увесь шлях да Лагішына, служачы словам і ў сакрамэнце пакаяння. Нягледзячы на тое, што дарога трывала толькі няпоўны дзень, пілігрымка была напоўнена сапраўдным Хрыстовым Духам, спевам, малітвай, а таксама патрабавала сілы волі і фізічных сіл. З Пінска вырушылі каля 70 чалавек, некаторыя далучыліся па дарозе, а ў самім Лагішыне Каралева Палесся магла вітаць перад сваім абліччам больш за 90 пілігрымаў, не лічачы тых, хто даехаў на саму святую Імшу. Далучыліся да шляху і выхаванцы Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску. Яны займаліся арганізацыйнымі справамі, праводзілі малітвы і заўсёды былі гатовыя дапамагчы. Імшу для пілігрымаў узначаліў віцэ-рэктар духоўнай семінарыі ў Пінску кс. Уладзімір Русак. Гамілія, якую прамовіў кіраўнік пілігрымкі кс. Павел Ярашэвіч, скіравала ўвагу прысутных на тое, што «для Бога няма нічога немагчымага», і «калі ідзем з Богам і для Бога, то дасягнем мэты нашага шляху». Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё; seminaryja.by (AG) Фота seminaryja.by
|