Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Баранавічах адбылося асвячэнне першага ў Беларусі касцёла св. Яна Паўла ІІ
Беларусь - Пінская дыяцэзія
15.05.2015 21:01

15 мая ў Баранавічах (мікрараён Бараўкі) адбылося асвячэнне першага ў Беларусі касцёла святога Яна Паўла ІІ. Асвячэнне здзейсніў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

У гаміліі біскуп адзначыў, што супольнасць, якую заснаваў сам Хрыстус, «прабывае праз yсе часы да сканчэння веку», і гэтай супольнасці патрэбныя адпаведныя месцы для яе. «Наш Пан цешыцца, калі такія месцы паўстаюць, і клапоціцца аб іх, — дадаў пінскі ардынарый. — А мы ва ўсім свеце ўзрушваемся, бачачы такія святыні, якія з’явіліся ў розныя часы гісторыі, і цешымся, што яны жывуць, гэта значыць служаць той мэце, дзеля якой былі збудаваны».

Звяртаючыся да парафіян, іерарх прызнаўся, што хоча ў сваіх імкненнях і малітвах «бачыць парафіяльную супольнасць, якая тут будзе пастаянна сустракацца на малітве з Богам», «будзе дынамічна развівацца, кіраваная Святым Духам», і гэтаму павінна служыць яе святыня.

Біскуп нагадаў, што святы Ян Павел ІІ вельмі клапаціўся аб тым, «каб менавіта Усход мацней і паўней дыхаў верай», а «дыхаць — значыць маліцца, прымаць святыя сакрамэнты і таму будаваць святыні».

«Гэтая наша святыня і яе жыццё няхай будуць выразам удзячнасці за тое, што Бог нам даў такога Святога Айца, — дадаў іерарх. — І асмельваюся сказаць, што сённяшні дзень — гэта таксама рэалізацыя, спаўненне яго мараў. Ён глядзіць на нас і благаслаўляе з дому Нябеснага Айца».

Кажучы аб тым, што ў святыні святар будзе штодзённа цэлебраваць Імшу для парафіяльнай супольнасці, біскуп звярнуў увагу, што «Эўхарыстыя азначае быць і трываць разам з Касцёлам» і што «мы не верым паасобку, але разам з Касцёлам».

Таксама, адзначыў біскуп, сапраўдным знакам таго, што вернікі любяць Касцёл будзе выданне за яго сябе. «Сябе – азначае наш час, сілы, малітву, ахвяру, пачуцці, прысвячэнне яму асабістых імкненняў, планаў, інтарэсаў», — патлумачыў іерарх і ў сувязі з гэтым прапанаваў вернікам паставіць сабе пытанне: «Чым з’яўляецца для мяне Касцёл?»

«Варта задумвацца: як мы ўяўляем сабе Касцёл? З чым яго асацыіруем? З тым, што нам падае Біблія, ці толькі з асобамі, пасадамі, адміністрацыяй, праблемамі?» — дадаў пінскі ардынарый.

Па словах біскупа, варта «стаць унутры Касцёла, каб зразумець яго таямніцы». «У сярэдзіне Касцёла не толькі адміністрацыйна, не толькі праз фармальную прыналежнасць, але жывучы ім ад усяго сэрца, — падкрэсліў іерарх. — І тады мы інакш будзем глядзець на Касцёл, пабудаваны з жывых камянёў – веруючых людзей, і на касцёл мураваны, які пабудаваны, каб быць месцам частай і збаўленчай сустрэчы чалавека з Богам».

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.