16 мая, ва ўспамін св. Андрэя Баболі, святара і мучаніка, адбылася святая Імша ў санктуарыі св. Андрэя ў Іванаве (Пінская дыяцэзія). Імшу цэлебраваў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.
Звяртаючыся да ўдзельнікаў Імшы і кажучы ў гаміліі пра тое, што ў гэты дзень яны збіраюцца вакол святога Андрэя Баболі, біскуп выказаў думку, што гэтае месца, звязанае з галоўным апекуном Пінскай дыяцэзіі, дадзена “перадусім дзеля таго, каб слухаць, разважаць, маліцца і ў гэтым слуханні і малітве, углядаючыся ў жыццё св. Андрэя, прасіць яго аб заступніцтве, асабліва ў тых справах, у якіх ён сам быў найлепшым”.
“Праз Касцёл Пан сёння жадае, каб нашым адказам на складаныя праблемы сучаснасці была новая евангелізацыя”, - адзначыў пінскі ардынарый. Іерарх прыгадаў, што апошнімі словамі, з якімі Езус звярнуўся да сваіх вучняў, быў заклік: “Ідзіце па ўсім свеце і навучайце ўсе народы”, што азначае абвяшчайце Евангелле. “Так у свой час гэтае заданне разумеў святы Андрэй Баболя, - звярнуў увагу біскуп. - Ён рэалізоўваў езуіцкі харызмат місіянера і ішоў ад вёскі да вёскі, абвяшчаючы Евангелле. А той факт, што ён аддаў жыццё за праўду Евангелля, сведчыць аб тым, што ён не толькі чытаў Евангелле, але і жыў ім”.
Звяртаючыся да святароў і нагадваючы, што гэта іх апошняя сустрэча перад часам летніх пілігрымак і адпачынку, біскуп прыгадаў словы Хрыста, скіраваныя да вучняў: “Адпачніце крыху”, і дадаў, што сам Езус пайшоў на пустыннае месца, каб маліцца. Такім чынам, па словах іерарха, “Пан паказвае, як павінен выглядаць святарскі адпачынак” – “гэта перадусім вяртанне да крыніцы, каб чэрпаць новыя сілы”.
Кажучы пра Год кансэкраванага жыцця, які перажываецца зараз, біскуп адзначыў, што гэта нагода “больш зацікавіцца жыццём кансэкраваных асобаў і ўсведамленнем іх ролі ў Касцёле на Піншчыне”. Іерарх заахвоціў у гэты дзень да асаблівай малітвы разам з кансэкраванымі асобамі ў іх інтэнцыі.
Пінскі ардынарый пажадаў, каб Год кансэкраванага жыцця быў часам для большай любові да Бога, каб ён паспрыяў лепшаму пазнанню і павазе да кансэкраванага жыцця з боку вернікаў, а таксама дазволіў законнікам лепш адкрыць Божую прыгажосць у іх жыцці і іх місію ў Касцёле.
Іерарх нагадаў, што Папа Францішак заахвочвае ў Год кансэкраванага жыцця выйсці на “экзістэнцыйную перыферыю”, дзе чакаюць людзі, якія страцілі надзею, сем’і, што перажываюць цяжкасці, пакінутыя дзеці, маладыя людзі, для іх зачынена будучыня, адзінокія хворыя і састарэлыя.
Біскуп пажадаў законнікам і законніцам трываць у камуніі і такім чынам спрыяць еднасці Касцёла на Піншчыне. “Будзем маліцца, каб у гэтым годзе праз заступніцтва св. Андрэя Баболі Пан адарыў нас шчодрым благаслаўленнем, каб Касцёл на Піншчыне ўмацоўваўся і станавіўся для кожнага шляхам, які вядзе да пазнання святла Хрыстовага Евангелля і поўнай камуніі з Богам”, - дадаў іерарх. (AG)
|