Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Моладзь са Шклова і Магілёва святкавала ўспамін апекуна Пінскай дыяцэзіі ў Нясвіжы і Міры
Беларусь - Пінская дыяцэзія
19.05.2015 11:57

16 мая, ва успамін святога Андрэя Баболі, які з’яўляецца апекуном Пінскай дыяцэзіі, моладзь з парафій Магілёва і Шклова наведала Нясвіж і Мір.

Святы Андрэй Баболя ў 1623 годзе быў рэктарам нясвіжскага касцёла, таму першым пунктам паездкі было наведванне касцёла і ўдзел ва ўрачыстай Імшы.

Пасля абеду ў сясцёр удзельнікі экскурсіі працягнулі наведванне гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Прайшоўшыся па сцяжынках нясвіжскага парка Радзівілаў, моладзь выйшла да прыгожага вадаёма недалёка ад замка. Вельмі прыемным збегам акалічнасцяў сталася тое, што ў запланаваны дзень паездкі не толькі святочны дзень быў у Касцёле, але яшчэ і па ўсёй Беларусі і свеце 16 мая праходзіла ноч музеяў, якую група моладзі сустрэла ў замках Міра і Нясвіжа.

Пераехаўшы з Нясвіжа ў Мір, удзельнікі падарожжа прайшліся разам з экскурсаводам па пакоях Мірскага замка, падняліся на адну з абаронных вежаў і выйшлі ў замкавы дворык, дзе з нагоды ночы музеяў тэатральная трупа паказвала спектакль «Адамавы жарты».

Ізноў, вярнуўшыся ў Нясвіж, маладыя людзі скіраваліся непасрэдна ў замак, дзе іх сустрэлі працаўнікі музея ў касцюмах мінулых часоў, і, правёўшы прыгожымі пакоямі, дапамаглі наведвальнікам патрапіць у жыццё знакамітага роду. Завяршылася паездка балем і салютам ва ўнутраным дворыку Нясвіжскага замка.

Атрымаўшы ад суботняга дня шмат прыемных перажыванняў, як духоўных, так і культурных, стомленыя, але адпачыўшыя ўдзельнікі экскурсіі вярталіся дадому, поўныя новых сіл.

Кс. Аляксандр Шупенька


Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.