Дабрачынная каталіцкая місія «Карытас-Міласэрнасць» скончыла праект па аснашчэнні гульнявога пакоя ў дзіцячым афтальмалагічным аддзяленні Гомельскай абласной клінічнай спецыялізаванай бальніцы. Таксама былі закуплены камп’ютары і ноўтбукі для аддзялення.
Па словах бацькоў і ўрачоў аддзялення, дзеці кожны дзень з нецярпеннем чакаюць гульняў і заняткаў у гульнявой - у першую чаргу таму, што цяпер там стала больш светла і з’явілася шмат цікавых гульняў. Урачы рады, што ў гульнявой з’явілася больш матэрыялаў з дробнымі дэталямі, што вельмі карысна і неабходна дзецям асабліва пасля аперацый.
Закупка камп’ютараў і ноўтбукаў для дзіцячага афтальмалагічнага аддзялення дала магчымасць загрузіць для дзяцей новыя праграмы для прафілактыкі, лячэння і паляпшэння зроку. Дзякуючы набытым ноўтбукам, якія лёгка пераносіць з месца на месца, лячэнне можна праводзіць не толькі ў першай палове дня, калі адкрыты спецыяльны пакой, але і ў другой палове дня і вечарам. Гэта палепшыла якасць лячэння і прафілактыкі, а таксама дало магчымасць абслугоўваць больш дзяцей.
«Галоўнай нашай мэтай было паляпшэнне ўмоваў лячэння і знаходжання дзяцей. Таксама ў гэтым годзе мы ўжо пачалі рамонт пакоя сустрэч бацькоў з дзецьмі. Гэты пакой ужо чакаюць з нецярпеннем дзеці, бацькі і ўрачы аддзялення», - распавялі ў ДКМ «Карытас-Міласэрнасць».
За апошнія дзевяць месяцаў 2014 года тут пралячылі 1100 чалавек, з іх 49 з дзіцячых дамоў і 32 дзіцяці-інваліда па зроку. Па кансультацыі звярталася каля 8100 чалавек. Пры знаходжанні дзіцяці ў аддзяленні за 14 дзён бацькі наведваюць яго 3-4 разы, што ў год складае 3-3,5 тысяч наведванняў. Бацькам часта даводзіцца чакаць дзіця на калідоры. Таму бальніцы неабходны пакой для наведванняў, які таксама будзе выконваць інфармацыйныя функцыі па прафілактыцы пагаршэння зроку, лячэбнай гімнастыцы і лячэнні дзіцяці ў хатніх умовах. У дадзеным пакоі можна будзе і праводзіць кансультацыі з урачом.
«Таму мы спадзяемся, што пры з’яўленні такога пакоя сустрэч будзе палепшана арганізацыя работы дзіцячага афтальмалагічнага аддзялення падчас знаходжання ў ім наведвальнікаў і дзяцей, а таксама праца персаналу», - адзначаюць у ДКМ «Карытас-Міласэрнасць».
Паводле katolik-gomel.by (AG) Фота katolik-gomel.by
|