Сімпозіум «Сексуальнасць: ад Бібліі да псіхалогіі»: «Беларусь з’яўляецца яшчэ дастаткова цнатлівай краінай» |
Беларусь - Пінская дыяцэзія |
02.06.2015 12:50 |
30 мая ў Катэхетычным каледжы імя Зыгмунта Лазінскага ў Баранавічах прайшоў сімпозіум «Сексуальнасць: ад Бібліі да псіхалогіі». Сімпозіум сабраў больш за 100 зацікаўленых асобаў, улічваючы навучэнцаў каледжа. На пачатку сімпозіума былі прачытаны тры даклады. Уладзіслаў Валаховіч, дырэктар Дабрачыннага фонду абароны жыцця і сям’і «Адкрытыя сэрцы» і багаслоў, у сваім дакладзе разважаў над тэмай «Сексуальнасць у Бібліі». На пачатку дакладу было адзначана, што ў параўнанні з «культурай сучаснай еўрапейскай цывілізацыі, якую хутчэй можна назваць “парнаграфічнай”, Беларусь яшчэ з’яўляецца дастаткова цнатлівай краінай». На прыкладзе момантаў з Бібліі, якая на пытанне чалавечай сексуальнасці «глядзіць чыстым поглядам», дакладчык адзначыў дзве асноўныя мэты, якія ставіць Бог перад чалавечай сексуальнасцю:
У многіх кнігах Бібліі, такіх як Левіт, Другазаконне, ёсць, як адзначалася, цэлыя раздзелы, якія абараняюць чысціню сужэнства і засцерагаюць ад граху блуду, якім з’яўляюцца як сувязі да шлюбу, так і па-за шлюбам. Здрада ў сужэнстве, адзначыў дакладчык, параўноўваецца са здрадаю душы Богу, аб якой разважаюць у сваіх пасланнях прарокі Осія, Ісая, Ерамія. Перад чалавекам заўсёды паўстае выбар: мець здаровую сям’ю альбо мець здаровае жыццё без шлюбу. «Стары Запавет заўсёды стаіць на абароне сужэнства», — падкрэсліў Уладзіслаў Валаховіч, дадаўшы, што толькі з чыстых адносін людзей са здаровай сексуальнасцю можа атрымацца шматдзетнае сужэнства, якое «асаблівую вагу і значнасць мела ў старазапаветныя часы». Асобнае месца ў дакладзе было вызначана погляду на сексуальнасць, сужэнства і цэлібат апостала Паўла ў Першым пасланні да Карынцянаў. Дакладчык, кажучы пра цэлібат, адзначыў, што ён бярэ свае пачаткі не ў рашэнні чалавека, але ідзе яшчэ з яго выхавання ў сям’і, якое дае здаровая сям’я, дзе дзеці ўзрастаюць у здаровай духоўнасці. Працягнуў даклады Іван Пузанаў, які звярнуўся да праблем гендэрнага выхавання, якое найбольшую папулярнасць набывае на Захадзе і паступова прыходзіць да нас. «Паняцці, якія ўжо пачынаюць укараняцца ў Еўропе: “не зусім мужчына”, “не зусім жанчына”, “не зусім муж”, “не зусім жонка”, “не зусім хлопчык ці дзяўчынка” ў еўрапейскім грамадстве, дзе паступова пачынае знікаць паняцце “мужчына” і “жанчына”, а фэйсбук прапаноўвае не два полы, а цэлых 54, — ці гэта не пагроза?» — распачаў свой даклад Іван Пузанаў, прывёўшы потым прыклады, якім чынам сексуальнае выхаванне вядзецца, напрыклад, у Швецыі. Кажучы пра сексуальную адукацыю, якая вядзецца ў некаторых еўрапейскіх краінах, дакладчык пажадаў, каб прысутныя і ўсе беларускія грамадзяне маглі «бараніць сябе і сваіх дзяцей» ад тых тэндэнцый, якія прапаноўвае, а часамі і навязвае, заходняя тэндэнцыя. «Тэндэнцыя, якую ў дачыненні да сексуальнай адукацыі можна акрэсліць як порнаадукацыю», — дадаў Іван Пузанаў. Наступны даклад на тэму «Сексуальнасць у век нарцысцізму» меў Віталій Булыга, які падкрэсліў, што ў сучасным свеце секс стаў самым хадавым таварам, а сексуальнасць лічыцца прыкметай паспяховасці. «Чалавецтва ва ўсе часы змагалася з вірусамі; зараз адзін з вірусаў, з якім трэба змагацца, — вірус сексуальнага эгаізму, вынікамі якога становяцца аборты, здрады, разводы і г.д.», — адзначыў выступоўца. Пасля дакладаў праводзіліся круглыя сталы, на якіх была магчымасць абмеркаваць тэмы дакладаў, а таксама паўдзельнічаць у майстэрнях «Рэцэпт здаровай сексуальнасці» (праводзілі Ягор і Лізавета Урублеўскія), «Я і сексуальнасць: разам ці паасобку» (праводзілі Анастасія Давыдоўская, Віталь Булыга) і «Шлях да сапраўднай жаночасці. Кола жанчын» (праводзіла Вольга Кусмерская). У другой частцы сімпозіума быў прачытаны яшчэ адзін даклад — а. Васіля Ягорава на тэму «Сужэнства і цэлібат — шляхі хрысціянскай дасканаласці». Айцец Васіль Ягораў падкрэсліў, што цэлібат быў вядомы з далёкіх часоў, і Біблія і гісторыя хрысціянства багатая на яго прыклады: у прыватнасці, Ян Багаслоў, апостал Павел, шматлікія першамучанікі свядома абіралі цэлібат, і пра іх неаднаразова пісалі, што яны «ззялі сваёй чысцінёй». Таксама дакладчык адзначыў, што «Царква ніколі не ставіла на вагі “шлюб” і “цэлібат”, параўноўваючы і вырашаючы, што больш святое і годнае, аднак заўсёды змагалася са свабодаю сексуальнасці язычніцкага свету». «Цнатлівасць жа заўсёды лічылася і лічыцца асаблівым дарам для ўсёй супольнасці вернікаў, а не толькі для таго чалавека, які яе захоўвае», — адзначыў а. Васіль Ягораў. Пасля адбыліся чарговыя круглыя сталы і майстэрні, якія праводзілі тыя ж дакладчыкі. Сямейная пара Ягор і Лізавета Урублеўскія вучылі асновам танцу, а Вольга Кусмерская працягвала распавядаць пра значэнне «Кола жанчын», кола хрысціянскіх жанчын. Сама маці і шчаслівая жонка, Вольга заклікала ўдзельніц сваёй майстэрні ў такія колы, а таксама дзялілася вопытам такой формы дзейнасці ў сваім асабістым жыцці. Затым адбылося падвядзенне вынікаў, падчас якога арганізатары і дакладчыкі адзначылі актыўнасць удзельнікаў і цікавасць да тэмы, выказваючы меркаванні, што такія сімпозіумы можна будзе ладзіць сістэматычна. Напрыканцы ўдзельнікі і дакладчыкі сабраліся на супольнай Эўхарыстыі. Аксана Ючкавіч |
Фотарэпартаж |