Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
На ўрачыстасці Найсвяцейшай Тройцы ў Ружанах дзеці і бацькі дзякавалі за навучальны і катэхетычны год
Беларусь - Пінская дыяцэзія
02.06.2015 14:33

У ружанскай парафіі 31 мая адзначалі не толькі ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы, але і свята тытулу святыні. Акрамя таго, вернікі святкавалі заканчэнне навучальнага і катэхетычнага года. У святкаванні прыняў удзел кс. Тамаш Маўрыч — настаяцель Віцэ-правінцыі св. Кірыла і Мятода Кангрэгацыі Місіі, які прыбыў з Кіева.

Cвятая Імша стала малітвай падзякі за святароў і катэхетаў, бацькоў і настаўнікаў.

«Дзякуем за сумесную малітву, за тое, што ва ўсіх жыццёвых сітуацыях вучыце нас заўсёды давяраць Богу, любіць адзін аднаго», — гучала ў словах падзякі выпуснікоў да катэхеткі Святланы Ёвік.

«Молімся за нашага пробашча кс. Януша (у Ружанах працуе кс. Януш Пуліт СМ) і просім, каб гэты святар быў святаром згодна з Божым сэрцам», — гучала ў малітвах дзяцей і моладзі.

Працягам святочнай сустрэчы быў салодкі стол. Таксама як дарослыя, так і дзеці гралі ў розныя гульні. У гонар свята былі запушчаны ў неба рознакаляровыя кітайскія ліхтарыкі.

Паколькі свята праходзіла напярэдадні Сусветнага дня абароны дзяцей, то самыя малодшыя ўдзельнікі атрымалі невялікія падарункі.

Напрыканцы святочнага вечара ўсе сталі ў кола, каб падзякаваць Богу за добра праведзены час, які стаў распачаццем летніх канікул. Часу, калі дзяцей і моладзь з ружанскай парафіі чакае роварная пілігрымка ў Будслаў, пешая пілігрымка ў Лагішын, а таксама хрысціянскі летнік.

Яна Рабцава, Юлія Сацкевіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.