Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Працэсія Божага Цела прайшла вуліцамі Гомеля
Беларусь - Пінская дыяцэзія
07.06.2015 21:29

7 чэрвеня ў Гомелі адбылася працэсія Божага Цела, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец. Працэсія з прыкладна трохсот парафіян прайшла па цэнтральнай вуліцы Савецкай ад касцёла да Дома міласэрнасці сясцёр Маці Тэрэзы.

Па шляху дзяўчынкі абсыпалі пялёсткамі кветак дарогу для Езуса, прысутнага ў Найсвяцейшым Сакрамэнце. На прыпынках каля алтароў удзельнікі працэсіі слухала чытанні з Евангелля і маліліся аб Гомелі, Беларусі, усім свеце, дамах і працоўных месцах, аб тым, каб Пан зберагаў ад голаду і вайны.

“Хрыстус кажа: Прыйдзіце да Мяне, усе знямоглыя і прыгнечаныя, і Я супакою вас. Ён знаходзіцца побач, у табэрнакулюме каля алтара. З вераю прымайце святую Камунію, Цела Хрыста, якое Ён аддаў за нашы грахі, наша выратаванне, і не бойцеся нічога, - заклікаў біскуп Казімір Велікаселец. - Баяцца трэба толькі аднаго - каб д’ябал не адвёў ад Хрыста, таму што жыццё без Яго вельмі небяспечнае. Дзеці забіваюць бацькоў, маці - сваіх дзяцей, бо не моляцца, не прыходзяць у храм, не прымаюць святыя сакрамэнты, Цела Хрыста. Атрымаўшы Камунію, мы адыходзім умацаванымі, нічога важней за гэта ў свеце няма”.

“Шукайце Валадарства Божага, а астатняе будзе дадзена, абяцае Пан. Валадарства Божае намаганнем бярэцца, і мы сёння прыклалі гэтае намаганне, выйшлі на вуліцу, каб публічна вызнаваць сваю веру ў тое, што Езус прысутнічае ў Святых Дарах, маліліся за тых, хто яшчэ не ведае Бога, не знайшоў дарогу да Яго”, - сказаў біскуп.

Паводле katolik-gomel.by

(AG)

 

 

Фота katolik-gomel.by

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.