Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Місіс Беларусь на білбордах Гомеля: «Дазвольце нарадзіцца вашаму дзіцяці!»
Беларусь - Пінская дыяцэзія
09.06.2015 14:37

Нядаўна на вуліцах Гомеля з'явіліся тры сацыяльныя білборды з Місіс Беларусь-2014 — гамяльчанкай Юліяй Перагудавай — і яе дзецьмі. Самая прыгожая сямейная жанчына Беларусі заклікае не рабіць аборты і захоўваць жыццё. Адзін з білбордаў усталяваны на галоўнай вуліцы Савецкай каля праваслаўнага Свята-Траецкага храма і каталіцкага Дома міласэрнасці сясцёр Маці Тэрэзы.

Таксама з удзелам Юліі выпушчаны кароткі сацыяльны відэаролік на гэтую ж тэму. Яго ўжо дэманстравалі па нацыянальным тэлебачанні.

Нагадаем, першая ў гісторыі краіны Місіс Беларусь, 31-гадовая гамяльчанка Юлія Перагудава, разам са сваім мужам Дзмітрыем удзельнічала ў вулічных акцыях у Гомелі па раздачы інфармацыйных матэрыялаў на тэму абортаў. У сям'і Юліі і Дзмітрыя ўжо двое дзяцей. Самая прыгожая сямейная жанчына Беларусі ўбачыла сваё пакліканне ў барацьбе за захаванне новага жыцця і сама патэлефанавала ў грамадскае аб'яднанне «Выратаванне немаўлятаў», прапанаваўшы свае паслугі.

«Мне вельмі балюча глядзець на дарослых жанчын, якіх некалі не спынілі ад абортаў. Цяпер яны спрабуюць нарадзіць, але беспаспяхова. Сутыкнуўшыся з многімі такімі жанчынамі, я зразумела, што мой абавязак — спыняць новае пакаленне ад абортаў», — тлумачыць свае матывы Юлія.

Місіс Беларусь агітуе супраць абортаў не толькі жанчын, але і мужчын:

«Калі яны адпраўляюць сваіх каханых на аборты, часта нават не ўсведамляюць, якога роду гэта будзе працэдура. А з дзяўчатамі таксама размаўляю пра тое, у чым розніца шлюбу афіцыйнага і грамадзянскага і чым звычайна заканчваецца моднае сёння сужыццё».

Паводле katolik-gomel.by, (AYU)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.