13 чэрвеня ў катэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Пінску прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне дыякан Чэслаў Ладыка. Пасвячэнне ўдзяліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.
Біскуп нагадаў у гаміліі, што ў Евангеллі паводле Яна прадстаўлена просьба Езуса Айцу ў Вялікі чацвер аб еднасці. “Таму святар знаходзіцца на службе еднасці. Гэта заданне найперш святароў, - дадаў іерарх. - У Касцёле душпастырства, служэнне еднасці, належыць найперш святарам, і яны прымаюць абавязак клопату аб збаўленні іншых, аб праўдзе, любові і святасці Божага Народа, аб духоўнай еднасці Касцёла”.
Пінскі ардынарый адзначыў, што святары, рэалізуючы збаўчую місію, выконваюць свае абавязкі ў звычайным парафіяльным душпастырстве, на місіях, у навуковым асяроддзі, у выхаванні моладзі, пры розных групах і арганізацыях, удзельнічаючы ў заданнях, звязаных з развіццём грамадскага жыцця і ў сферы культуры, некаторыя дапамагаюць хворым, пакінутым і часамі самі хворыя, - “такіх дарог мноства, і яны вельмі розныя”.
Для таго, каб у гэтых абставінах захаваць унутранае адзінства свайго жыцця, святару неабходна, як нагадаў біскуп, “унутранае адзінства з Хрыстом”: “неабходна, каб такая еднасць прысутнічала ў свядомасці і затым ва ўчынках”.
Таксама, звярнуў увагу іерарх, “служэнне святара - гэта сапраўдная аскеза”: “у расчараваннях і паразах я вучуся аскезе, успрыняццю болю, адрачэнню ад сябе”, “у радасці і поспехах вучуся ўдзячнасці”, “пры цэлебрацыі сакрамэнтаў я сам імі ўнутрана ўзбагачаюся”, “не выконваю якойсьці працы вонкава, але размаўляю з Хрыстом”.
Плады еднасці святара з Хрыстом – гэта, па словах іерарха, “здольнасць адчуваць еднасць з братамі ў веры праз Хрыста”.
Таксама, заўважыў біскуп, святарства - гэта адна сям’я, “супольнасць, спалучаная не радством, але сакрамэнтам святарства”, якая “выражаецца ў нясенні рознай дапамогі, не толькі духоўнай, але і матэрыяльнай”, “асабліва патрэбная тым, хто сапраўды патрабуе дапамогі і спагады”. Такая супольнасць, дадаў іерарх, “асабліва клапоціцца аб маладых святарах, вядзе сардэчны дыялог са святарамі ў сярэднім узросце і старэйшымі, і з тымі, якія з розных прычын вядуць барацьбу з цяжкасцямі, не пакідае нават тых, якія пакінулі такую форму жыцця альбо яе не рэалізуюць, але наадварот – тым больш ахінаюць іх братэрскім клопатам”.
“Той, хто памятае, што ўсе мы дзеці аднаго Айца, і хто верыць што ў Езусе Хрысце Бог стаў нашым братам, той у людзях, якія з ім побач, убачыць братоў і сясцёр і так да іх будзе адносіцца”, - адзначыў біскуп, а таксама падкрэсліў, што, “чым больш святар будзе злучаны з Хрыстом, тым мацнейшае будзе братэрства са святарамі, бо любоў да Бога з’яўляецца такой мерай, і наадварот”.
Сакрамэнт святарства, звярнуў увагу пінскі ардынарый, “патрабуе ад святара вялікай любові да Бога і людзей і духу прысвячэння і ахвяры”. (AG)
|