Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У семінарыі ў Пінску адбылася Імша на заканчэнне навучальнага года
Беларусь - Пінская дыяцэзія
17.06.2015 08:43

16 чэрвеня ў капліцы Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску адбылася святая Імша з нагоды заканчэння навучальнага года 2014/2015. Адметнасцю Эўхарыстыі, якую ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям'янка, стала прыняцце навучэнцаў пятага курса Рамана Страшко і Паўла Трона ў шэраг кандыдатаў да пасвячэння.

Гэты абрад выражае сур’ёзнасць намеру поўнага аддання сябе на службу Богу і Касцёлу. Абодва ўзгаданыя семінарысты паходзяць з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Падчас святой Імшы семінарыйная супольнасць дзякавала за яшчэ адзін год фармавання чалавечага, інтэлектуальнага, духоўнага і душпастырскага.

У гаміліі біскуп нагадаў словы св. Яна Паўла ІІ, што святарства - гэта дар і таямніца, а таксама што кожнае хрысціянскае пакліканне паходзіць ад Бога, гэта Божы дар, і яно ніколі не даецца па-за Касцёлам, але заўсёды ў Касцёле і праз пасрэдніцтва Касцёла.

Іерарх дадаў, што семінарыстаў, якія былі прыняты на гэтай Імшы ў кандыдаты, “прывяла сюды ласка веры”. Таксама пінскі ардынарый падкрэсліў, што тым, хто служыць Хрысту, “нельга паддавацца сіндрому страху і баязлівасці”. Звяртаючыся да кандыдатаў, іерарх заклікаў: “Не бойцеся, бо вы сваю службу будзеце выконваць у Касцёле, які заўсёды быў пакліканы да служэння і любові”.

“Служыць - гэта значыць аддавацца братам і сёстрам у Хрысце з Яго далікатнасцю, адданасцю і Яго любоўю, - звярнуў таксама ўвагу біскуп. - Аддайце Езусу свае далоні і сваё сэрца, аддайце Яму свае вусны для прапаведвання Евангелля, якое заўсёды абвяшчае вясну духоўнай адновы. Майце чыстыя сэрцы і чыстыя позіркі, і будзеце мець шмат прыяцеляў. Давайце іншым Хрыста, і ўсё іншае лягчэй будзе раздаваць. Палюбіце Божае слова і малітву, брэвіярый”.

Папа Бэнэдыкт XVI пісаў, нагадаў біскуп Антоні Дзям’янка, што “першая місія, якая нараджаецца са Святых Таямніцаў, якія цэлебруем, - гэта даванне сведчання нашым жыццём” і што “мы становімся сведкамі, калі праз нашыя словы, чыны і спосаб быцця Хтосьці іншы аб’яўляецца і ўдзяляецца”.

“Вам спадарожнічаюць родныя і сябры, біскупы, святары, манахі, якія ўтвараюць Касцёл, - дадаў іерарх, звяртаючыся да кандыдатаў. - Прыміце гэты малітоўны дар ад іх і надалей рупліва, у радасці рыхтуйцеся да дыяканскага і святарскага служэння”.

На заканчэнне прагучалі словы падзякі выхавацелям і выкладчыкам, якія спадарожнічалі і дапамагалі семінарыстам ва ўсебаковым развіцці.

Аляксей Цвячкоўскі, (AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.