Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Пінску адбылася закладка і асвячэнне краевугольнага каменя пад новы касцёл
Беларусь - Пінская дыяцэзія
29.06.2015 23:40

29 чэрвеня ў Пінску адбылася закладка і асвячэнне краевугольнага каменя пад новы касцёл св. Бэнэдыкта. На ўрачыстую падзею прыбыў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

Новы касцёл будзе прызначаны для вернікаў горада, якія пражываюць у мікрараёнах Лугі, Верасы, Радужны і Заходні.

У гаміліі падчас святой Імшы біскуп Антоні Дзям’янка адзначыў, што закладка краевугольнага каменя для дома малітвы - свята для супольнасці і парафіяльнай, і дыяцэзіяльнай, якая рыхтуецца да 90-гадовага юбілею Пінскай дыяцэзіі. “Касцёл - гэта дом нашых малітваў, і мы самі з’яўляемся домам Бога, - дадаў іерарх. - Праз хрост мы становімся Божай будоўляй, праз іншыя сакрамэнты такая будоўля ўдасканальваецца, каб напрыканцы жыцця стаць перад Панам з дасканалымі формамі”.

Біскуп нагадаў таксама, што Пінск мае глыбокія хрысціянскія карані, тут у свой час адначасова было восем касцёлаў, ад некаторых з якіх засталіся толькі ўспаміны і фатаграфіі, як, напрыклад, ад велічнага касцёла святога Станіслава.

Іерарх адзначыў, што гісторыя новай пінскай парафіі, дзе будуецца парафіяльны касцёл, нядоўгая; мікрараёны, для якіх узводзіцца святыня, паўсталі ў канцы мінулага - пачатку бягучага стагоддзя і дынамічна развіваюцца. Парафія для гэтай часткі горада была заснавана два гады таму, а ў мінулым годзе ўлады вылучылі пляц пад будоўлю, якую ў маі распачаў пробашч парафіі кс. Андрэй Рылка.

Біскуп нагадаў, што назва касцёла - святога Бэнэдыкта - звязана з “узнёслай працай манахаў-бэнэдыктынаў у Гарадзішчы на Піншчыне ў мінулых стагоддзях”. Пінскі ардынарый дадаў, што святы Бэнэдыкт з’яўляецца апекуном Еўропы, ён пачынальнік манаскага жыцця ў Еўропе, а еўрапейская культура мае асновы, узятыя з рэгулы бэнэдыктынаў, бо прадпісанні да сумеснага жыцця былі напісаны гэтым святым.

Іерарх падзякаваў Божаму Провіду, “што выбраў вас, каб збудавалі святыню”, Гарвыканкаму, які вылучыў надзел пад будоўлю, архітэктару Грыгорыю Зялінскаму, які распрацаваў праект, уладам за зацвярджэнне праекта, шматлікім ахвярадаўцам за фінансавую і малітоўную падтрымку, тым, хто розным чынам спрыяў будоўлі, будаўнікам.  

Па словах біскупа, для парафіі гэтая святыня будзе “бачным знакам прысутнасці Бога ў вашым горадзе”. Іерарх пажадаў, каб яна стала таксама “бачным знакам Бога для тых, хто згубіў дарогу да Яго альбо толькі ў пошуках Бога”.

Кожная парафія, адзначыў пінскі ардынарый, “з’яўляецца нашай духоўнай маці, таму што нараджае ў нас новае жыццё, жыццё ў асвячаючай ласцы”; “гэта жыццёвая ячэйка Паўсюднага Касцёла; у ёй тое самае Божае жыццё, што і ў Паўсюдным Касцёле”.

“У гэтай святыні будзе месца для кожнага – для тых, хто заблукаўся, для грэшніка, для таго, хто яшчэ ў няўпэўненасці, і для святых, бо гэта будзе дом Айца. А ў доме Айца ёсць месца для кожнага - нават для падарожных, - заўважыў біскуп. - Гэта будзе сапраўдны дом, бо ў ім паселіцца Хрыстус, наш брат у чалавечнасці. А ў доме брата ёсць месца для братоў і сясцёр”.

Пінскі ардынарый дадаў, што да асвячэння касцёла вернікам прыйдзецца яшчэ нямала папрацаваць – “узвесці сцены, закласці дах, уставіць дзверы, вокны, правесці электрычнасць, закласці падлогу, зрабіць прыступкі, патынкаваць сцены і пафарбаваць”, “надаць сакральны характар праз усталяванне алтароў, канфесіянала і іншых прадметаў, звязаных з Божым культам”. Біскуп пажадаў парафіянам Божага благаслаўлення на далейшую працу, “каб у хуткім часе ўсе мы ў гэтым будынку, прызначаным для Божага культу, маглі праспяваць: “Цябе, Божа, праслаўляем””.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.