13 ліпеня ў парафіі Маці Божай Шкаплернай y Палонцы (Пінская дыяцэзія, Баранавіцкі дэканат) адзначылі дзень малітоўнай памяці святароў і прадстаўнікоў свецкай інтэлігенцыі, расстраляных у 1942 годзе пад Баранавічамі. Асаблівым чынам ушанавалі памяць кс. Вінцэнтыя Кураса CSMA, які ў той перыяд абслугоўваў касцёл у Палонцы.
Ксёндз Вінцэнты, які належаў да таварыства Святога Міхала Арханёла (міхалітаў), быў дырэктарам дома сірот у Дзеткавічах, вёсачцы побач з Палонкай. Нават пасля закрыцця гэтага дома ў 1939 годзе святар вярнуўся, каб служыць гэтым дзецям і людзям, якія патрабавалі Хрыста. У 1942 годзе ён быў абвінавачаны за тое, што ўкрываў габрэйскіх дзяцей, і 13 ліпеня расстраляны пад Баранавічамі разам з многімі іншымі святарамі, якія працавалі на гэтых тэрыторыях.
На святую Імшу, падчас якой маліліся за расстраляных святароў, прыбылі госці з супольнасці міхалітаў – тэрытарыяльны настаяцель айцоў міхалітаў у Беларусі кс. Мар’ян Хаменя, пробашч парафіі Маці Божай Ружанцовай у Мінску кс. Генадзь Кухарэвіч і пробашч парафіі Перамянення Пана ў Новай Мышы кс. Павел Врубель.
У гаміліі, якую прамовіў кс. Генадзь Кухарэвіч, былі ўзгаданы гераічныя цноты кс. Вінцэнтыя, які ў часы, што патрабавалі вялікіх ахвяраў, не пабаяўся прынесці ў ахвяру ўласнае жыццё. Святар параўнаў гэтую ахвяру з жыццём святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка, якога Бог тройчы выбаўляў ад вернай смерці.
У гэты дзень у парафію прыбылі і госці з іншых парафій і месцаў, у тым ліку сястра Антаніна Лісоўская з супольнасці сясцёр міхалітак.
“У першыя вякі хрысціянства Тэртуліян казаў: “Кроў хрысціянаў становіцца насеннем для хрысціянаў”. І сапраўды, трэба памятаць тых, хто кроў сваю праліў за тое, у што верыў, і за Таго, каму верыў. Ахвяра іх не была дарэмнай, бо Касцёл у Беларусі расце, развіваецца і квітнее, памятае пра іх ахвяру і ахінае сваёю малітвай”, - адзначае кс. Дзмітрый Кернога. (AG)
|