16 ліпеня ў Палонцы (Пінская дыяцэзія, Баранавіцкі дэканат) адбылася парафіяльная ўрачыстасць. З нагоды ўспаміну Паўсюдным Касцёлам Найсвяцейшай Панны Марыі з гары Кармэль парафія пад гэтым тытулам у вёсцы святкавала фэст.
На святой Імшы сабраліся шматлікія парафіяне і госці не толькі з навакольных вёсак, але і з іншых рэгіёнаў Беларусі. Святары з Баранавіч, Мінска, Слоніма, Новай Мышы, кансэкраваныя асобы, семінарысты і вернікі прыехалі, каб у гэты дзень разам у малітве аддаць пашану Найсвяцейшай Панне Марыі, якая заступаецца за нас і выпрошвае для нас у Бога неабходныя ласкі.
Эўхарыстыю ўзначаліў а. Віталь Бандаронак OFMCap, гамілію прамовіў а. Сяргей Трысцень OCD, які ўзгадаў гісторыю ўзнікнення святога шкаплера і таго, чаму менавіта ў гэты дзень Паўсюдны Касцёл асаблівым чынам ушаноўвае Маці Божую з гары Кармэль, - гісторыю, якая непарыўна звязана з гісторыяй манаскіх ордэнаў кармэлітаў і кармэлітаў босых, да якіх належыць а. Сяргей. Святар казаў таксама пра ролю, якую Панне Марыі падрыхтаваў Бог у імкненні збавіць чалавека, нагадаўшы, што Марыя – успамога верных, суцяшэнне засмучаных, аздараўленне хворых, Тая, праз каго прыйшоў у свет Божы Сын, праз святыя рукі якой ідуць нашыя просьбы да Бога, Тая, якая нястомна ахінае нас сваёй апекай і малітвай. ![](/2/images/phocagallery/2015/07/2015-07-17-palonka/thumbs/phoca_thumb_l_2015-07-16-palonka2-003.jpg)
Імша завяршылася выстаўленнем Найсвяцейшага Сакрамэнту і ўрачыстай эўхарыстычнай працэсіяй. Пасля кожны жадаючы меў магчымасць быць прынятым у “шкаплерную сям’ю” – прыняць ці аднавіць святы шкаплер. Айцец Сяргей Трысцень з малітвай удзяляў і апранаў новапрынятым шкаплеры.
Пасля малітоўнай часткі святкавання госці былі запрошаны на ўрачысты пасілак з нагоды фэсту.
“У Касцёле існуюць розныя віды малітвы – малітва просьбы, малітва заступніцтва… Але якая ж прыгожая малітва падзякі! Сапраўды, так важна гэтае выражэнне падзякі да нашай Найсвяцейшай Маці за заступніцтва і апеку, за ўсе тыя ласкі, якія праз Яе атрымліваем з рук Божых”, - адзначае кс. Дзмітрый Кернога. (AG)
|