У в. Крыўчыцы на Піншчыне адраджаецца каталіцкае жыццё |
Беларусь - Пінская дыяцэзія
|
26.07.2015 20:35 |
У вёсцы Крыўчыцы Пінскага раёна паступова адраджаецца каталіцкае жыццё. Зімой 2015 г. дэкрэтам біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі там была ўтворана парафія пад тытулам святой Ганны.
Кожную нядзелю мясцовыя вернікі збіраліся на супольную малітву ў капліцы, якая размясцілася ў прыстасаваным для гэтага доме. Па прычыне некаторых цяжкасцяў правядзенне набажэнстваў у Крыўчыцах на некалькі месяцаў было спынена. Людзі нястомна маліліся і замаўлялі святыя Імшы ў інтэнцыі хутчэйшага аднаўлення іх святыні.
Настойлівая малітва прынесла плён. У канцы ліпеня дзякуючы прыхільнаму стаўленню раённай улады католікі з Крыўчыц і навакольных вёсак зноў атрымалі магчымасць сустракацца на супольнай малітве. Цяпер працягваюцца актыўныя працы па рамонту і ўпрыгожванню капліцы.
Колькасць католікаў у Крыўчыцах і прылягаючых населеных пунктах даволі шматлікая. Большасць з іх – людзі старэйшага ўзросту, якім складана прыязджаць у касцёл у Пінск. Таму з’яўленне месца, дзе кожную нядзелю можна ўдзельнічаць у Святых Таямніцах, стала для вяскоўцаў важнай падзеяй. Варта адзначыць, што каталіцтва на гэтых землях было вядома яшчэ з канца XIV стагоддзя. Доўгі час у Крыўчыцах існаваў прыгожы драўляны касцёл. Некаторыя людзі памятаюць, як у пачатку 1960-х гг. па загаду тагачасных уладаў яго знішчылі.
Аднак, нягледзячы на розныя цяжкасці, вера на гэтай зямлі не згасла. Людзі жадаюць жыць з Богам і быць вернымі Яму. Аб жывасці веры крыўчыцкіх парафіян сведчыць той факт, што 26 ліпеня, у дзень успаміну святой Ганны, на ўрачыстай святой Імшы, якую цэлебравалі святары з Пінска, прысутнічала вялікая колькасць вернікаў. Падчас набажэнства быў асвечаны абраз апякункі парафіі. Яго крыўчыцкая капліца атрымала ў якасці дару ад ксяндза прэлата Вінцэнта Лісоўскага.
Такім чынам, вера, прайшоўшы праз выпрабаванні, зноў пачынае квітнець там, дзе яе стагоддзямі вызнавалі і баранілі нашыя продкі.
Кс. Юрый Дрозд
|
Фотарэпартаж |