Аднавілася пешая пілігрымка Пінскай дыяцэзіі ў Навагрудак |
Беларусь - Пінская дыяцэзія |
01.08.2015 16:34 |
У Навагрудак на сёлетнія ўрачыстасці 72-годдзя мучаніцкай смерці 11 сясцёр назарэтанак, якія 1 жніўня 1943 года былі расстраляны фашыстамі, прыйшла пілігрымка з Новай Мышы (Пінская дыяцэзія). Такім чынам, пілігрымка, якая існавала раней, але апошнія гады па розных прычынах не магла быць арганізавана, аднавілася. Пілігрымы – 25 чалавек на чале з кс. Паўлам Врубелем, пробашчам парафіі Перамянення Пана ў Новай Мышы – пакінулі штодзённыя клопаты, жадаючы аддаць пашану ахвяры сясцёр-мучаніц і самім ахвяраваць гэты шлях на хвалу Божую. Пілігрымы ішлі пешшу два дні, каб маліцца і ўшанаваць памяць благаслаўлёных мучаніц.
Прайшоўшы за два дні больш за 60 кіламетраў, пілігрымы ўдзельнічалі ў святой Імшы на месцы мучаніцтва благаслаўлёных сясцёр у лесе пад Навагрудкам разам з пілігрымамі з Гродна і іншых куткоў Беларусі. Адтуль яны разам скіраваліся да навагрудскага фарнага касцёла. Разам з вернікамі ішоў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, які яшчэ перад Эўхарыстыяй сустрэў пілігрымку з Новай Мышы і прайшоў з ёй апошнюю частку дарогі.
Пілігрымка скончылася, але яе ўдзельнікі, якія адкрыліся на дзеянне Духа Святога, спадзяюцца яшчэ доўга збіраць яе плёны. Яны маюць надзею, што адноўленая пілігрымка цяпер будзе вырушаць у гэты шлях штогод і збіраць усё больш людзей, якія жадаюць такім чынам выразіць сваю веру, ушанаваць памяць мучаніц і засведчыць сваім жыццём, што “на Беларусі Бог жыве”. |
Фотарэпартаж |