6 жніўня, у свята Перамянення Пана, біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка цэлебраваў святую Імшу ў парафіі Перамянення Пана ў Новай Мышы.
У гаміліі іерарх звярнуў увагу, што гэтае свята, якое на Усходзе адзначалі ўжо ў VI ст., “нагадвае, што Езус у кожную хвіліну можа перамяніць наш лёс”.
Біскуп дадаў, што ў гэтай парафіі больш за сто гадоў прамаўляюцца казанні аб Перамяненні Пана, але гэтая тэма “яшчэ далёка не асветлена, бо таямніца Перамянення неабсяжная, да канца не праслаўлена і не да канца даследавана”.
Першым аспектам гэтай таямніцы, па словах пінскага ардынарыя, з’яўляецца святло. “Калі мы ходзім у святле, то мы саўдзельнікі гэтага, а Кроў Хрыста ачышчае наз з усялякага граху. Таму і мы запрошаны да ўдзелу ў гэтым святле, як вучні на гары Табор”, - сказаў біскуп. “Езус гаворыць, што Ён святло свету і што хто ідзе за Ім, ніколі не будзе хадзіць у цемры, але будзе мець святло жыцця (пар. Ян 8, 12). І гэта адбываецца падчас хросту”, - нагадаў іерарх і дадаў, што “хрост - гэта таксама уваход у таямніцу смерці і ўваскрасення Езуса Хрыста”.
Біскуп звярнуў увагу, што, “каб наступіла перамяненне, неабходна перамяненне нашых сэрцаў”: “на Эўхарыстыі не толькі стаецца перамена хлеба і віна, бо Пан Бог нязменны, але павінен перамяніцца чалавек”.
Іншыі аспектам Перамянення біскуп назваў прыгажосць. “Гэта прыгажосць, якою Бог нас адарыў пры стварэнні, - патлумачыў пінскі ардынарый. – Мы, гледзячы на ваш касцёл, таксама гаворым, што ён вельмі прыгожы. І такая прыгажосць павінна нас весці да Бога. Небяспечна толькі затрымлівацца на прыгажосці выканання разьбы, пазалоты: мы павінны імкнуцца да абсалютнай прыгажосці – Бога”. “Неабходна дбаць аб святыні, каб не загубіць такое хараство. Але таксама належыць клапаціцца аб сабе як асобе, бо мы святыня Духа Святога”, - падкрэсліў біскуп.
Па словах іерарха, свята Перамянення Пана – “запрашэнне для нас, каб мы былі ўдзельнікамі Святла і Прыгажосці”.
Біскуп заахвоціў удзельнікаў Імшы таксама ўспомніць і ўшанаваць у гэты дзень памерлых парафіян, якія “ў гэтай святыні перамяняліся, калі прымалі святыя сакрамэнты”, “ушанаваць іх веру, бо дзякуючы іх веры мы сёння ў гэтым касцёле сабраныя і тут молімся”; узгадаць таксама святароў, якія там служылі.
Біскуп адзначыў, што гэтае свята мае і аспект будучыні, бо “прыйдзе час, калі Пан пераменіць нас усіх”. “Сённяшняе свята - гэта радасць і надзея на тое, што наша прабыванне на зямлі не будзе апошнім, што пасля яго прыйдзе непрамінаючая хвала, - сказаў іерарх. - Умова нашай перамены - пастаянная перамена духоўная, упартае наследванне Хрыста; і такая пастава павінна наступіць на зямлі, каб у паўнаце прадстаць у небе”.
Біскуп нагадаў таксама, што ў жніўні, асабліва сёлета, у 90-годдзе паўстання Пінскай дыяцэзіі, Касцёл на Піншчыне звяртае ўвагу на ўстрыманне ад алкагольных напояў.
“Хрыстус абяцае, што мы будзем валадарыць з Ім там, дзе за Пятром будзем паўтараць: Настаўнік, як добра, што мы тут знаходзімся. Але ўмовай з’яўляецца тое, каб мы ўжо цяпер памяталі аб тым, што для нас падрыхтаваў Бог, і каб кожны дзень падсілкоўваліся Яго словам і Целам”, - сказаў біскуп Антоні Дзям’янка. (AG)
|