Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Антоні Дзям’янка наведаў парафіі ў Гарадзішчы, Сталовічах і Баранавічах
Беларусь - Пінская дыяцэзія
10.08.2015 15:29

9 жніўня біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка наведаў парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі Ружанцовай у Гарадзішчы, Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса ў Сталовічах і Узвышэння Святога Крыжа ў Баранавічах і сустрэўся з вернікамі. Візіт быў звязаны з падрыхтоўкай да правядзення 90-годдзя Пінскай дыяцэзіі.

У размове з вернікамі былі закрануты тэмы, звязаныя з абстыненцыяй на жнівень і аб пакліканнях да святарства. Біскуп заахвоціў да малітвы ў гэтай інтэнцыі.

У касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Баранавічах біскуп узначаліў святую Імшу і прамовіў гамілію, у якой звярнуў увагу на постаць св. Дамініка, якога Касцёл ушаноўваў у літургіі 8 жніўня. Таксама іерарх падзякаваў у Год кансэкраванага жыцця сёстрам дамініканкам, духоўным дочкам св. Дамініка, якія праводзяць катэхізацыю ў гэтай парафіі ўжо на працягу многіх гадоў.

Вернікам, сабраным на Імшы, біскуп расказаў аб значэнні законнага служэння ў Касцёле і аб пазітыўным уплыве гэтага служэння на свецкіх людзей. Пінскі ардынарый пажадаў сёстрам радасці і шматлікіх пакліканняў у манаскую супольнасць.

У канцэлебры з біскупам служыў таксама кс. Генадзь Рабіханукаеў з парафіі ў Мамонаве ў Калінінградскай вобласці (Расія). Гэты святар паходзіць з баранавіцкай парафіі і прыехаў адведаць радню падчас летняга адпачынку.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.