Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Імша для пілігрымаў у лагішынскім санктуарыі: «Прасіць Маці Божую аб вызваленні ад зла на зямлі»
Беларусь - Пінская дыяцэзія
22.08.2015 00:54

21 жніўня ў межах урачыстасцяў у дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Каралевы Палесся ў Лагішыне адбылася святая Імша і начное чуванне з удзелам пілігрымаў, якія прыбылі ў санктуарый. Імшу ўзначаліў дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец, які сёлета дзякуе Богу за 70 гадоў з дня нараджэння, гамілію прамовіў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

Штогод на ўрачыстасці ў санктуарыі ў Лагішыне збіраюцца многія сотні пілігрымаў з розных куткоў Пінскай дыяцэзіі і ўсёй Беларусі, каб памаліцца перад цудадзейным абразом Маці Божай.

Пачас Імшы сабраныя маліліся асабліва за ўсю Пінскую дыяцэзію, якая адзначае 90-годдзе існавання. Таксама маліліся аб хутчэйшай беатыфікацыі Слугі Божага Зыгмунта Лазінскага – першага біскупа Пінскага, 145-я гадавіна нараджэння якога прыпадае сёлета.

Пінскую дыяцэзію з цэнтрам у Пінску Святы Пасад заснаваў у клопаце аб верніках Палесся пасля заканчэння Першай сусветнай вайны. Дыяцэзія паўстала ў адпаведнасці з булай Папы Пія ІХ Vixdum Poloniae unitas 28 кастрычніка 1925 года, абапіраючыся на традыцыю існавання Мінскай і Віленскай дыяцэзій. Першым яе ардынарыем стаў біскуп Зыгмунт Лазінскі, сын навагрудскай зямлі, які добрасумленна засяваў зерне Божага Слова, працаваў у розных сферах грамадскага жыцця, імкнучыся ахінуць сваім клопатам усіх давераных яму вернікаў. 

«Маці Божая Лагішынская радуецца ўздыму вашай веры»

«Маці Божая Лагішынская радуецца ўздыму вашай веры, Яна цешыцца з вашай прысутнасці», – сказаў у гаміліі, звяртаючыся да пілігрымаў, біскуп Антоні Дзям’янка. Іерарх дадаў: «Мы выбралі Яе Каралевай Палесся, і гэта гонар для Лагішына, для нашага рэгіёна, для дыяцэзіі. Больш за тое, і жыхары мястэчка, і дыяцэзіяне, і ўсё Палессе – мы адчуваем сябе бяспечна, бо Яе мацярынскі плашч распасціраецца над нашымі сем’ямі, месцамі працы, школамі, месцамі забаваў і адпачынку, месцамі Божага культу».

Пінскі ардынарый нагадаў, што ў гэтым санктуарыі многія давяраліся Маці Божай, пакінулі ў кнігах запісы свайго даверу, просьбы аб Яе мацярынскім пасрэдніцтве. «Маці не прывыкла прасіць аб другасных і неістотных справах, але аб тым, што з’яўляецца найбольш істотным і неабходным», – звярнуў увагу біскуп.

Іерарх адзначыў і тое, што ў пілігрымцы і падчас падрыхтоўкі да яе ў вернікаў было шмат цяжкасцяў, бо «д’ябал перашкаджае ў гэтай справе» і «нічога больш не жадае, каб толькі людзі перасталі праслаўляць Бога, які з’яўляецца Панам неба і зямлі». Біскуп падкрэсліў, што вернікі ў гэтай сітуацыі не павінны паддацца спакусам, павінны бараніцца ад зла.   

«Шатан гаворыць, што ўсё тое, што мы робім дзеля Бога, прысвячаем Яму жыццё – гэта вельмі цяжкі абавязак і гэта бязвартасна. Будзе нават паказваць нам што прысвячэнне сябе Богу прыводзіць да цярпенняў, – сказаў іерарх. – Будзе ўстрымліваць нас ад большага ўсхвалення Бога. Будзе пераконваць нас, што мы зрабілі і так вельмі шмат для Бога. Але так не ёсць на самай справе, і мы не павінны ніколі пераставаць аддаваць пашану Богу».

«Заклікаем Маці Божую дапамагчы нам вызваліцца ад зла»

Пінскі ардынарый звярнуў увагу, што ў другі год падрыхтоўкі да стагоддзя Фацімскіх аб’яўленняў Касцёл звяртаецца да Панны Марыі як прытулку грэшнікаў і разважае над Яе заклікам да навяртання. «Мы заклікаем Маці Божую дапамагчы сучаснаму чалавеку, дапамагчы нам вызваліцца ад зла, – дадаў біскуп. – Найперш ад зла, якое месціцца ў нашых сэрцах, нашых імкненнях, жаданнях. Тут павінна фармавацца наша жыццёвая пастава, тут павінен закараніцца біблейскі прынцып: зло перамагай дабром».  

Па словах біскупа, «вызваленне ад зла на зямлі – гэта таксама вызваленне ад усіх вонкавых акалічнасцяў, якія ствараюць умовы для яго распаўсюджвання», і сёння, як адзначыў іерарх, Пінскі Касцёл просіць аб гэтым Маці Божую.

Таксама пінскі ардынарый нагадаў, што Панна Марыя «заўсёды паказвае на Сына і вучыць, каб мы рабілі тое, што Ён нам скажа – праз нашае сумленне, нашых бацькоў, хрысціянскіх настаўнікаў і выкладчыкаў, праз Божае слова, прачытанае дома і пачутае ў касцёле, праз сэрцы патрабуючых людзей, якія імкнуцца да праўды, любові і супакою», і «мы павінны ўслухоўвацца ў голас Таго, які хоча, каб мы былі дасканалымі, як дасканалы наш Айцец у небе».

Біскуп Антоні Дзям’янка скіраваў усім прысутным на ўрачыстасцях сардэчныя пажаданні з нагоды адпусту і заахвоціў даверыцца мацярынскай апецы Каралевы Палесся, прасіць Яе аб вызваленні ад зла на зямлі і аб дасягненні вечнага шчасця ў небе.

Пасля Імшы адбылася ўрачыстая працэсія са свечкамі вакол санктуарыя. Таксама пачалося ўсяночнае малітоўнае чуванне перад цудадзейным абразом Маці Божай.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.