Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Юзаф Станеўскі ў Лагішыне: «Адчуць мелодыю прысутнасці Бога, атмасферу міру і любові» (+фота)
Беларусь - Пінская дыяцэзія
22.08.2015 12:20

22 жніўня святой Імшой з удзелам пілігрымаў завяршыліся ўрачыстасці ў санктуарыі Маці Божай Каралевы Палесся ў Лагішыне. Эўхарыстыю ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям'янка, гамілію прамовіў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

У гаміліі біскуп адзначыў, што ад моманту пабудовы касцёла ў Лагішыне «ўзносіцца з прасторы палескай зямлі вуснамі яе сыноў і дачок малітва да трону Божага праз заступніцтва Маці Божай Лагішынскай».

Іерарх нагадаў, што пасля дзесяцігоддзяў пераследу веры 1 студзеня 1997 г. кардынал Казімір Свёнтэк перадаў лагішынскаму касцёлу адрэстаўраваны абраз Маці Божай Лагішынскай Каралевы Палесся, а 10 мая адбылася яго каранацыя папскімі каронамі.

Разважаючы над чытаннем Святога Пісання, біскуп Юзаф Станеўскі звярнуў увагу, што ў ім паказаны «райскі сад, у якім чалавеку было добра». «На працягу тысячагоддзяў чалавек уцякаў ад мітусні гэтага свету, імкнуўся ў гэтую мелодыю, створаную Богам, – дадаў іерарх. – Тым жа духам і жаданнем пранікнутыя, імкнуцца сэрцы людзей і сёння вырвацца з гарадоў, з грамадства, каб асабліва ў летні перыяд акунуцца крыху ў цішыню гэтай зямлі, цішыню Божую, каб дакрануцца гэтага Божага свету».


«Наша сённяшняя малітоўная сустрэча дазваляе нам зачэрпаць гэтай “чароўнай цішыні” – і яна тут! – сказаў біскуп. – Мы можам адчуць моц духу, можам перажыць гэтую атмасферу супакою, якая спрыяе сустрэчы з Богам, спрыяе магчымасці адкрыцця на Бога і на чалавека».

«Сёння мы прыносім у гэтае асаблівае месца прысутнасці Маці Божай Лагішынскай разам з пілігрымскімі інтэнцыямі клопаты і турботы асабістага жыцця, сваёй сям’і, свайго народа, справы свету – асабліва справу міру на Украіне, у нашых суседзяў, – адзначыў іерарх, звяртаючыся да пілігрымаў. – І калі вы тут, то з гэтага пункту гледжання праблемы ўспрымаюцца значна прасцей. І гэта той асаблівы дар, які мы атрымліваем, уваходзячы ў святое месца».

Біскуп нагадаў, што Панна Марыя мела перад сабой адзін выбар – «Вось я, слуга Пана”, і падкрэсліў, што «чалавек вольны, калі яго выбар заўсёды накіраваны на Бога».



«Калі вы прыбылі сюды, то не толькі прынеслі асабістыя просьбы і трывогі, але таксама ў нейкім сэнсе з’яўляецеся прадстаўнікамі тых, хто застаўся пасярод сямейных спраў і праблем. І вы ведаеце, што яны таксама хочуць жыць Богам і мець у сабе ласку Божую», – сказаў іерарх пілігрымам.

«Пасля ўрачыстасцяў вы вернецеся да вашых сем'яў і заняткаў, але вернецеся з дадатковым умацаваннем, таму што душа ваша, вашы думкі, вашы сэрцы тут атрымалі Божую энергію і новыя сілы, – дадаў біскуп. – Вы вяртаецеся, каб умацаваць ласкай іншых, каб выратаваць грэшнікаў, каб паядналіся сем’і, прабачылі суседзі і зразумелі дзеці».

Біскуп Юзаф Станеўскі пажадаў усім прысутным вернікам, каб Панна Марыя дала ім «адчуць сэрцам гэтую цудоўную мелодыю прысутнасці Бога, атмасферу міру і любові». «Няхай Марыя паспрыяе, каб гэтая атмасфера чароўнай Божай мелодыі напоўніла цябе, а ты, напоўнены ёю, вяртаўся ў гэты свет Божы, і Божую любоў перанёс у паўсядзённае жыццё тваё і нашай любай Бацькаўшчыны», – гэтыя словы іерарх скіраваў да кожнага з удзельнікаў урачыстасцяў.

(AG)

фота бр. Карнэлія Консэка SVD 

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.