Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гомельскія католікі звярнуліся да кіраўніка краіны, каб пабудаваць касцёл
Беларусь - Пінская дыяцэзія
27.08.2015 14:03

Адроджаная каталіцкая парафія просіць аб садзейнічанні ў выдзяленні ўчастка пад святыню.

Ад імя рыма-каталіцкай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, якая была зарэгістравана ў Гомелі ў 2013 годзе, Прэзідэнту Беларусі 27 жніўня накіраваны ліст.

«Спадар Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь! Просім Вашага садзейнічання ў адраджэнні рыма-каталіцкай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гомелі, — пішуць вернікі і коратка распавядаюць гісторыю парафіі. — Пасля рэвалюцыі 1917 года пачалася барацьба з адвечнай прыгажосцю — Госпадам Богам, які — Абсалютная Любоў, Мудрасць, Святасць — стварыў гэты цудоўны свет і чалавека. У 1919 годзе ў парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гомелі расстралялі першага каталіцкага святара, а пасля — яшчэ траіх. У 1938 годзе парафію зачынілі супраць волі вернікаў, а ў 1940 годзе касцёл — крыніцу духоўнасці і каштоўнасць архітэктуры — узарвалі. Але народ, які пад дзеяннем дэманічнай сілы паўстаў супраць Любові, Святасці і Мудрасці, не мае будучыні. Прыклад таму — распад СССР».

Католікі адзначаюць, што толькі з Божай ласкай магчыма перамагаць зло. Гомель на 500 тысяч жыхароў мае толькі адну каталіцкую святыню:

«Тут шмат добрых людзей, якія хацелі б не толькі развіваць сваё духоўнае жыццё, але і слухаць у храме «Авэ, Марыя», творы Баха. Вы казалі аб духоўным адраджэнні, і мы просім Вашага садзейнічання ў выдзяленні ўчастка на будаўніцтва храма. Гэта будзе наш сумесны ўдзел у адраджэнні духоўнасці ў Беларусі і ў прыватнасці ў Гомелі».


Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі да разбурэння

Копіі ліста накіраваны ў Апарат Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, старшыням абл- і гарвыканкама.

Нагадаем, зараз праходзяць грамадскія слуханні па пытанні выдзялення ўчастка пад будаўніцтва касцёла на ўскраіне Гомеля. Пакуль вядома, што больш за 150 чалавек ужо выказалі станоўчыя пісьмовыя пажаданні па будаўніцтву святыні.

Паводле katolik-gomel.by

(АлГ)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.