У Пінску адбылася сустрэча святароў з нагоды 12-й гадавіны пасвячэння |
Беларусь - Пінская дыяцэзія |
30.08.2015 00:47 |
27-28 жніўня ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску адбылася малітоўная сустрэча святароў-выпускнікоў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, якія сёлета адзначаюць 12-ю гадавіну святарскага служэння. Існуе прыгожая традыцыя, што святары, якія разам прайшлі шлях шасці гадоў вучобы і фармавання на адным курсе духоўнай семінарыі, штогод збіраюцца на сумесную сустрэчу. «Такія дні сумеснай малітвы і дзялення святарскім досведам вельмі важныя для кожнай духоўнай асобы, – распавядае адзін з удзельнікаў сёлетняй сустрэчы ксёндз Антоні Казлоўскі, пробашч парафіі ў Вішневе. – Гэта ўнікальная магчымасць для кожнага з нас падзяліцца сваімі думкамі, перажываннямі, радасцямі і клопатамі святарскага служэння. Мы разам прайшлі шасцігадовы шлях падрыхтоўкі да святарства. Добра ведаем адзін аднаго. Такія штогадовыя сустрэчы дапамагаюць нам адчуць адзінства, падтрымку брата па святарстве, у чымсьці параіцца, памаліцца, нанова адкрыць для сябе каштоўнасць нашага служэння».
Сёлетняя сустрэча ў Пінску была не выпадковай. Па-першае, у гэтым горадзе нясе сваё святарскае служэнне адзін з прадстаўнікоў групы – кс. Андрэй Рылка. Яму прыпаў гонар быць чарговым арганізатарам штогадовага з’езду аднакурснікаў. Існуе прыгожы звычай, што святары штогод па чарзе збіраюцца ў парафіях, дзе служыць кожны з іх супольнасці. Гэта дапамагае пазнаёміцца з рэаліямі служэння кожнага душпастыра.
Не менш важнай нагодай сёлетняй сустрэчы сталі круглыя гадавіны, якія перажывае Пінская дыяцэзія. Гэта 90-годдзе заснавання дыяцэзіі і духоўнай семінарыі ў Пінску. Таксама Касцёл на Палессі ўзгадвае 145-ю гадавіну нараджэння першага біскупа Пінскага – Слугі Божага Зыгмунта Лазінскага.
Шчымлівым момантам сустрэчы была і засяроджаная малітва святароў на чале з біскупам Антоніем каля труны Слугі Божага Зыгмунта Лазінскага. Сабраныя давяралі Богу свае інтэнцыі і маліліся аб хутчэйшай беатыфікацыі першага арцыпастыра Пінскай дыяцэзіі. Пасля гэтага святары з удзячнай малітвай наведалі крыпту, дзе пахаваны сведка веры кардынал Казімір Свёнтэк.
На заканчэнне з’езду сабраныя пазнаёміліся з актуальным душпастырствам у Пінску. Між іншым яны наведалі будаўнічую пляцоўку, дзе імклівымі тэмпамі ўзносіцца касцёл св. Бэнэдыкта, будаваны намаганнямі новай парафіі на чале з яе пробашчам кс. Андрэем Рылкам.
(AG) Фота кс. Яўгена Барысюка |