Біскуп Антоні Дзям’янка перад святам Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі наведаў парафію ў Століне |
Беларусь - Пінская дыяцэзія
|
06.09.2015 21:34 |
6 верасня, перад святам Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка наведаў парафію Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Століне з нагоды парафіяльнага фэсту, які адбудзецца ў гэтае свята. Таксама нагодай візіту было 90-годдзе дыяцэзіі, якое адзначаецца сёлета.
Парафія мае шматгадовую гісторыю. У 1811 годзе яна ўжо мела мураваны касцёл, выбудаваны коштам Каятана Кажэнёўскага. Да сённяшняга дня святыня не захавалася, хаця ў міжваенныя часы дзейнічала. Пробашчам парафіі ў той час быў кс. Пётр Татарыновіч, пазней заснавальнік беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё ў Рыме.
Адражэнне парафіі пачалося пяць гадоў таму дзякуючы намаганням дапаможнага біскупа Пінскай дыяцэзіі Казіміра Велікасельца. Іерарх дапамог парафіі набыць будынак для малітвы і для пражывання душпастыра, арганізаваў утульную капліцу.
У гаміліі біскуп Антоні Дзям’янка звярнуў увагу вернікаў на дар жыцця, які людзі незалежна ад поглядаў і веравызнання павінны бараніць. Іерарх падкрэсліў недапушчальнасць аборту як спосабу рэгулявання насельніцтва, выкарыстоўвання прэнатальнага даследвання дзеля забівання патэнцыйна хворых асобаў, недапушчальнасць экстракарпаральнага запладнення і сурагатнага мацярынства.
Біскуп заклікаў сужэнцаў, асабліва няплодныя пары, даверыцца апецы Маці Божай – ранішняй зоркі, нараджэнне якой абвяшчае ўсход сонца, прыйсце ў свет Езуса Хрыста, які перамагае цёмную моц сатаны.
Пінскага ардынарыя прымаў у парафіі яе пробашч кс. Андрэй Шут, які таксама з’яўляецца душпастырам суседняй парафіі ў Асавой. (AG)
|