Сустрэчы духавенства і катэхетаў у Пінску: праз любоў да канкрэтнага чалавека праяўляецца Касцёл (+фота) |
Беларусь - Пінская дыяцэзія |
16.09.2015 21:22 |
16 верасня ў Пінску адбылася сустрэча катэхетаў, а таксама пастырская сустрэча духавенства Пінскай дыяцэзіі. Сустрэча катэхетаў была прысвечана тэме катэхізацыі дарослых. Святую Імшу для ўдзельнікаў цэлебраваў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.
У гаміліі падчас святой Імшы кс. Тадэвуш Саморэк адзначыў, што Бог «дасканала ведае чалавека і ведае, што ён можа быць шчаслівы менавіта ў супольнасці, у адносінах з іншымі». І такой супольнасцю, па словах святара, з’яўляецца Касцёл. Шэраг пытанняў, які задаў святар, былі накіраваны на тое, каб глыбей зразумець, чым з’яўляецца супольнасць, і на тое, як праявіць сваю хрысціянскую тоеснасць у ёй: «Хто такі хрысціянін? Хто я? Калі мы не будзем у супольнасці, то каму памыем ногі? У каго папросім прабачэння? Каму падставім другую шчаку? Каму ўступім месца за сталом? Дзе зможа праявіцца наша хрысціянства?» Святар адзначыў, што місія, якая стаіць перад хрысціянінам, — быць у супольнасці і гэтую супольнасць ствараць.
Касцёл патрэбны для таго, каб выявілася любоў «Лёгка сказаць, што любіш усіх людзей, любіш неграў у Афрыцы, а што значыць любіць чалавека, які знаходзіцца побач? Ёсць людзі, з якімі б мы не хацелі бачыцца, але як сябе паводзіць з імі? — дадаў святар і сцвердзіў: — Маліцца. Маліцца не за тое, каб гэты чалавек змяніўся і навярнуўся, але каб змянілася нашае стаўленне да яго, каб мы змаглі яго палюбіць».
Па словах святара, менавіта праз любоў да канкрэтнага чалавека праявіцца Касцёл, яго сутнасць, праявіцца тое, што Бог чыніць у чалавечых сэрцах. «Супольнасць патрэбная для таго, каб магла праявіцца любоў», — неаднаразова падкрэсліваў кс. Тадэвуш Саморэк. Таксама святар звярнуў увагу, што «сёння мы гаворым аб розных рэчах – аб машынах, аб камп’ютарах, аднак ці гаворым мы пра Бога?». Разважаючы над гэтымі пытаннямі, кс. Тадэвуш Саморэк падкрэсліў, як важна быць сведкам Уваскрослага Хрыста ў цяперашнім жыцці. (AG, AYU) Фота Аляксандры Шчыглінскай |
Фотарэпартаж |