Гомельцы падтрымалі ідэю будаўніцтва другога ў горадзе касцёла |
Беларусь - Пінская дыяцэзія |
17.09.2015 14:16 |
Абласная архітэктурна-горадабудаўнічая рада ўхваліла канцэпцыю будаўніцтва каталіцкай святыні Унебаўзяцца Найсвяцейшай Панны Марыі на Рэчыцкім праспекце. У аснову такога рашэння леглі вынікі грамадскага абмеркавання праекта. Пра гэта са спасылкай на адміністрацыю Савецкага раёна Гомеля паведамляе Гомельская каталіцкая парафія. У падтрымку ўзвядзення новай святыні паступіла 142 прапановы, супраць —шэсць. Сябры архітэктурнай рады вывучылі довады праціўнікаў, але прыйшлі да высновы, што яны не супярэчаць горадабудаўнічым і іншым нарматывам, а таму не могуць служыць падставай для ўнясення змяненняў і дапаўненняў у прадстаўленую схему. У выніку архітэктурна-планіровачную канцэпцыю дазволілі выкарыстоўваць пры распрацоўцы праектнай дакументацыі. З улікам пажаданняў мясцовага насельніцтва і спецыялістаў забудоўшчыку рэкамендавалі «разгарнуць» галоўны фасад будучага касцёла на праспект Рэчыцкі і максімальна захаваць зялёныя насаджэнні. Пад аб'ект плануецца выдзеліць зямельны ўчастак плошчай 0,77 га на ўездзе ў Гомель з напрамку Калінкавіч — у пачатак Рэчыцкага праспекта паблізу скульптуры «Рысь». Сёння працягваецца афармленне дакументаў для выдзялення ўчастка пад будаўніцтва храма. Асвяціць краевугольны камень новага касцёла папросяць Папу Францішка. (AG) |