Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У пінскай семінарыі прайшлі рэкалекцыі на пачатак навучальнага года
Беларусь - Пінская дыяцэзія
18.09.2015 14:15

«Ісці ў нявіннасці, будаваць на камені і вызнаваць з верай!» — пад такім дэвізам з 14 па 17 верасня ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску прайшлі рэкалекцыі на пачатак навучальнага года.


Гэта словы з першай гаміліі Папы Францішка, на якіх кс. Мікалай Ціхановіч пабудаваў і правёў гэтыя духоўныя практыкаванні.

«Бо воля Божая – гэта асвячэнне вашае…» (Тэс 4, 3)

Гэты час быў напоўнены тым, што сёння так неабходна ў Касцёле, — сведчаннем. Сведчаннем дзеяння Святога Духа ў жыцці асобнага чалавека і ў жыцці кожнага хрысціяніна.

Таксама семінарысты пачулі шмат практычных і жыццёвых парадаў наконт малітвы, асабістых адносін з Богам, будавання супольнасці, перашкодаў на шляху да святасці.

Гэтыя дні сталі разважаннем над самым важным пытаннем ў жыцці пакліканага: «Якое месца займае Езус у маім жыцці?» «Святарства без Езуса — гэта нішто!» — адзначыў рэкалекцыяніст і дадаў, як важна разумець, што «Езус кліча нас да распазнання Божай волі, а не да нашага ўласнага бачання святарства».

У кожны дзень рэкалекцый знаходзіўся час на сустрэчу з Езусам у Эўхарыстыі, на канферэнцыі і на асабістую малітву. Нярэдка людзі кажуць, што складана знайсці час для Бога, а на гэтых духоўных практыкаваннях час быў скіраваны на гэта і важна было толькі адкрыцца на дзеянне Святога Духа. Рэкалекцыі — гэта тое, што абнаўляе і напаўняе сілай, каб крочыць наперад, крочыць далей праз увесь навучальны год. Такі час неабходны, каб нанова адкрыць свае адносіны з Богам і ўзмацніць гэтую сувязь, якая не раз пашкоджваецца ў жыццёвым вандраванні.

Складана ўжо зараз казаць пра плён рэкалекцый, але кс. Мікалай Ціхановіч «пасадзіў» гэтае зерне на ніве семінарысцкіх сэрцаў і яно, без сумненняў, «узыдзе», калі даглядаць яго праз малітву і «паліваць» Божым словам. Семінарыйная супольнасць дзякуе за яго святарства, бачачы якое, семінарысты яшчэ больш хочуць наследаваць Хрыста — найвышэйшага Святара.

Андрэй Багдановіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.