Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Беларусі выдадуць кнігу маці 18 дзяцей
Беларусь - Пінская дыяцэзія
02.10.2015 14:00

Кнігу 49-гадовай іспанкі Розы Пік пад назвай «Як атрымліваць асалоду ад сям'і з 1, 2, 3... дзецьмі» рыхтуюць для выдання на беларускай мове.

Зараз у сям'і Розы і Хасэ-Марыі Пасціга 15 дзяцей узростам ад 4 да 22 гадоў. Сям’я лічыцца адной з самых вялікіх у Еўропе. Аўтар нарадзіла 18 дзяцей, але трое з іх памерлі.

У першай народжанай дачкі Розы ўрачы выявілі праблемы з сэрцам. Медыкі прагназавалі, што дзяўчынка не пражыве і трох гадоў, але дзіця выжыла. Такія ж праблемы з сэрцам былі ў яшчэ дваіх дзяцей, і яны памерлі.

Дзяўчынка-першынец пражыла 20 гадоў. І ўрачы, і некаторыя сябры не раілі сужэнцам наогул мець дзяцей.

«Але Пан мае свае планы. Ніхто не можа вырашаць пытанне — колькі муж і жонка павінны ці не павінны мець дзяцей. Гэта вырашаецца толькі паміж мужам і жонкай», — адзначае Роза.

Cужэнцы-католікі не толькі працуюць і выхоўваюць дзяцей, але таксама ўдзельнічаюць у працы IFFD — Міжнароднай Федэрацыі ўмацавання сем'яў.

Кніга «Як атрымліваць асалоду ад сям'і з 1, 2, 3... дзецьмі» ўжо перакладзена на сем моваў свету і зараз па ініцыятыве католікаў з Гомеля, якія сустракаліся з сям'ёй Хасэ-Марыі і Розы, рыхтуецца яе пераклад і выданне на беларускай мове. Роза падарыла аўтарскія правы на кнігу і падтрымала ідэю яе перакладу на беларускую мову без прэтэнзіі на ганарар. Папярэдняя дамоўленасць аб выпуску кнігі маецца з выдавецтвам «Pro Christo» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, пераклад выканае Юлія Шэдзько.

Сродкі на пераклад і выданне кнігі ўжо збіраюцца. Кожны можа скласці свае ахвяраванні ў гомельскай рыма-каталіцкай парафіі або звязацца з рэдакцыяй сайтa katolik-gomel.by праз сацсеткі.

katolik-gomel.by (MV)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.