Унікальны абраз Маці Божай знойдзены ў Гомелі |
Беларусь - Пінская дыяцэзія |
03.10.2015 16:57 |
Падчас рэстаўрацыйных прац у Гомельскім епархіяльным упраўленні Беларускай Праваслаўнай Царквы выявілі ўнікальны абраз. Спецыялісты вызначылі, што знойдзены ў вёсцы Уза Гомельскага раёна абраз Панны Марыі можа мець 400-гадовы ўзрост. Абраз заўважыў і прывёз у рэстаўрацыйную майстэрню епіскап Гомельскі і Жлобінскі Стэфан. Пад некалькімі пластамі новай фарбы рэстаўратары выявілі старадаўні жывапіс, унікальны для Гомельшчыны. Мяркуецца, што абраз быў напісаны ў XVI-XVII стагоддзях пад уплывам італьянскага Адраджэння, пра што гаворыць таксама спосаб апрацоўкі дошак іконы. На ўплыў Рэнесансу паказваюць і прапорцыя кампазіцыі, і характэрнае становішча фігуры Мадоны, і мяккая, паветраная прамалёўка лікаў. Па словах рэстаўратара Гомельскай епархіі Алены Паповай, абраз выкананы тэмпернай фарбай на тонкім пласце ляўкасу ў тыпова італьянскім стылі. Юная Божая Маці з Дзіцяткам Езусам на руках стаіць на паўсферы – Зямлі, на якую Яна прынесла Сына Божага. Асаблівасць гомельскай Мадоны – ледзь улоўная ўсмешка, амаль як у загадкавай Джаконды.
Пасля заканчэння рэстаўрацыйных прац абраз, магчыма, будзе змешчаны ў музеі епархіі. (AG) Фота katolik-gomel.by |