Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Пінску асвечаны крыж на вежы новага касцёла
Беларусь - Пінская дыяцэзія
09.10.2015 12:54

У Пінску на вуліцы Янішчыц ідзе да завяршэння будаўніцтва касцёла св. Бэнэдыкта. 8 кастрычніка на будаўнічай пляцоўцы быў асвечаны і ўшанаваны крыж, які ўжо ўсталяваны на касцёльнай вежы. Абрад асвячэння здзейсніў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

На набажэнстве прысутнічалі святары, якія служаць у Пінску, выкладчыкі і навучэнцы Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага, вернікі з усяго горада.

Асноўную частку будаўнічых работ плануецца завяршыць да 27 кастрычніка, калі пачнуцца святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя 90-годдзю ўтварэння Пінскай дыяцэзіі.

Біскуп Антоні Дзям’янка, звяртаючыся да ўсіх прысутных на асвячэнні, нагадаў у сваім слове аб тым, чым з’яўляецца для хрысціяніна крыж. «Крыж — знак нашага збаўлення. На крыжы памёр Езус Хрыстус за нашыя грахі, — сказаў іерарх. — Аднак Езус не толькі памёр на крыжы, але і ўваскрос на трэці дзень, узышоў на неба, як вызнаём у Сімвале веры, адчыніў нам брамы нябёсаў».

Па словах біскупа, «крыж прыгадвае, што дарога ў рай для кожнага з нас ідзе праз крыж, праз розныя жыццёвыя цярпенні». «Часамі мы гаворым: нейкі чалавек хварэе, у таго бяда, бо ён зграшыў, сам вінаваты, Бог яго пакараў. Мы не ведаем гэтага, і так гаварыць нельга, бо мы не ведаем таямніцу крыжа, — патлумачыў іерарх. — А можа, ён церпіць за нашыя грахі, нясе крыж цярпення за грахі іншых людзей».

Пінскі ардынарый дадаў, што трэба «прасіць у Бога, каб крыж, які выпаў нам, мужна данесці да канца, як Езус на Галготу, і выканаць Божую волю». «Старажытныя людзі казалі: “Праз церні да зорак”, а мы, хрысціяне, кажам: “Праз крыж да хвалы”», — адзначыў біскуп.


(AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.