«Дары і ласкі, дадзеныя ў канфірмацыі, развіваюцца на працягу жыцця»: сакрамэнт канфірмацыі адбыўся ў баранавіцкай парафіі (+фота) |
Беларусь - Пінская дыяцэзія |
12.10.2015 11:35 |
11 кастрычніка ў парафіі Маці Божай Фацімскай у Баранавічах адбыўся сакрамэнт канфірмацыі, які ўдзяліў біcкуп Пінскі Антоні Дзям’янка. Звяртаючыся ў гаміліі да прымаючых гэты сакрамэнт, іерарх запрасіў іх скіраваць позірк да дзейнасці апосталаў, якія таксама ў дзень Пяцідзясятніцы ў Ерузалеме атрымалі дары Духа Святога. Біскуп нагадаў, што спачатку апосталы былі слабымі людзьмі: на Апошняй Вячэры спрачаліся, хто з іх больш важны, заснулі падчас малітвы Езуса ў Гетсіманскім садзе, а калі Хрыста арыштавалі, то ўсе ўцяклі, а Пётр адрокся ад Яго. Аднак яны, дадаў пінскі ардынарый, «здабылі адвагу абвяшчэння Евангелля», таму што «ўбачылі ўваскрослага Хрыста» і таму, што «ў дзень Пяцідзясятніцы на іх сышоў Святы Дух».
Пінскі ардынарый нагадаў пра сем дароў Духа Святога, якія атрымліваюць тыя, хто прымае сакрамэнт канфірмацыі, і якія «дапамагаюць выйсці з Добрай Навіной»: дары мудрасці, розуму, рады, мужнасці, умеласці, пабожнасці і боязі Божай. «Чатыры першыя — дапамога Духа Святога, каб мы думалі па-Божаму. Яны дапамагаюць зразумець Хрыстовы план. Іншыя тры дапамагаюць прыняць рашэнні, мілыя Богу, і будаваць Хрыстовы Касцёл», — патлумачыў біскуп. (AG) |
Фотарэпартаж |