«Вы — святло свету»: у Брэсце адбылася сустрэча моладзі |
Беларусь - Пінская дыяцэзія |
26.10.2015 17:22 |
Каля 80 удзельнікаў з розных куткоў Беларусі сабралася 24 кастрычніка ў Брэсце на штогадовай сустрэчы моладзі Пінскай дыяцэзіі. Сустрэча праходзіла пад назвай «Вы - святло свету». Дзяліцца гэтым святлом і яго выпраменьваць сёлета ў Брэст прыехалі маладыя католікі з Бярозы, Івацэвіч, Пружан, Баранавіч, Гомеля і Мінска. Арганізатарам сустрэчы стаў кс. Аляксандр Канановіч, якому дапамагала моладзь з Брэста. Тэматычную канферэнцыю правёў кс. Раман Суша. Святар заўважыў, што на шляху прапаведвання Бога можна сустрэць мноства перашкод. Па словах святара, мы можам, як Люцыфер, паставіць сябе замест Бога на першае месца і заганарыцца, ці чакаць зменаў ад іншых людзей, але не змяняць саміх сябе. Або наадварот – засяродзіцца на саміх сабе, забыўшы пра Езуса, якога нясём іншым; «апрануцца ў анёлка» – рабіць дабро напаказ, як фарысеі, а таксама быць нецярплівым – чакаць вынікаў свайго прапаведвання ўжо сёння і спадзявацца, што атрымаем прызнанне і любоў ад людзей. Але, адзначыў святар, калі мы пойдзем такім шляхам, то непазбежна сустрэнем расчараванне; сапраўдныя ж плёны могуць быць не адразу бачнымі. «Ганарлівы кароль хоча, каб яго плёны людзі бачылі сёння, каб яго хвалілі і любілі сёння. Але сапраўдны кароль не працуе на відовішчы, але ставіць акцэнт на тое, што будзе адбывацца далей. Такім прарокам быў Езус. Ён таксама глядзеў у будучыню. І такога караля падчас яго жыцця не зразумеюць. Ён выгнаннік па жыцці, але праслаўляецца пасля смерці. Ён сустракаецца з Богам перад тым, як штосьці сказаць людзям, а сам застаецца ў ценю. Ён адасабляецца з Богам у таемным месцы, але Бога абвяшчае на плошчах», – падкрэсліў кс. Раман Суша падчас канферэнцыі. «Прарок – гэта святло, якое свеціць, дапамагае, суцяшае. Мы можам сказаць чалавеку праўду, што ён грэшны, хворы, пакалечаны... Сэрца ж кажа: "Бог цябе любіць"». Прарок – гэта той, хто ўздымае, як пастыр, які дастае авечку з ямы. Воўк у авечай скуры, наадварот, прыніжае чалавека. Вы ж свяціце, як прарокі, якія не асуджаюць, але ўздымаюць», – сказаў кс. Раман Суша. Святар адзначыў, што не мы самі па сабе з'яўляемся святлом, але Езус, які жыве ў нас, свеціць іншым людзям; мы ж з'яўляемся толькі «лампадкамі», якія гэтае святло нясуць. «Прарок – гэта соль, а Дух Святы – гэта яго смак. Яны непадзельныя.
Немагчыма аддзяліць смак ад солі. Нельга аддзяляць сябе ад Езуса. У
табе жыве Езус, і Ён праз цябе прапаведуе», – звярнуў увагу кс. Раман Суша. Асноўнай памылкай у справе прапаведвання, па словах святара, з'яўляецца тое, што тыя, хто прапаведуюць, часам само служэнне ставяць вышэй за Бога. У такіх выпадках «мы хочам служыць, але патрэбна свяціць». «Вось чаму, калі молімся, не можам аздаравіць, вось чаму, калі кажам, слова не даходзіць, і вось чаму, калі просім – не атрымліваем. А прарок, наадварот, – дае Бога, а сам знаходзіцца ў ценю. Жадаю, каб вы былі прарокамі сённяшняга часу», – завяршыў святар. Пасля канферэнцыі адбылася традыцыйная сустрэча ў групах. Моладзь разважала над тым, як не дазваляць людзям адцягваць ад Бога, як умець засяродзіць сваё сэрца на Езусе, як усталёўваць межы і казаць «не» граху, а таксама як працягваць свяціць нават тады, калі прыходзяць сумненні. Творчым момантам сустрэчы была тэматычная пантаміма, якую падрыхтавала брэсцкая моладзь. Не менш творчым, нават імправізацыйным, момантам стала прадстаўленне парафій. Дзяўчаты і хлопцы распавядалі пра свае парафіі, паказвалі прэзентацыі і спявалі песні пад гітару. Супольныя малітвы і святая Імша сталі духоўнай ежай для моладзі ў гэты дзень. Завяршылася сустрэча малітвай праслаўлення, якую правёў гурт «Рыбы». Марына Валасар, фота аўтара |
Фотарэпартаж |