Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
1000-старонкавы малітоўнік «на ўсё жыццё» выдалі ў Пінску
Беларусь - Пінская дыяцэзія
27.10.2015 16:23

Да 90-годдзя Пінскай дыяцэзіі прымеркавана выданне малітоўніка на беларускай мове пад назвай «Бог добры» – найбольшага па змесце і самага шматстаронкавага ў гісторыі Касцёла ў Беларусі. Памер малітоўніка – больш за 1000 старонак.

У малітоўніку сабраны ўсе распаўсюджаныя і амаль забытыя малітвы, набажэнствы, спевы, характэрныя для Касцёла на нашых землях. Цікава, што кніга нараджалася каля дзевяці месяцаў – прыкладна столькі доўжылася праца над малітоўнікам.

Падрабязнасці ў інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё распавёў галоўны рэдактар малітоўніка, пробашч пінскага катэдральнага касцёла айцец Пётр Бялевіч ОМІ: «Малітоўнік стварылі непрафесійнай групай з чатырох чалавек, вырашылі зрабіць малітоўнік, які калісьці мелі нашы бабулі. Бо шмат разоў, калі я ездзіў па Беларусі, людзі пыталіся: "а што ў вас за кніга?", паказваючы на брэвіярый, "а чаму ў вас так шмат малітваў, а ў нас столькі няма?" Людзі прасілі такі малітоўнік, дзе было б шмат малітваў. І я падумаў: а чаму б, праўда, не зрабіць малітоўнік на ўсе выпадкі жыцця? Шукаць далёка не трэба было, бо старых кніжак хапае ў кожнага святара, праўда, большасць на польскай мове. Людзі прыносяць, часам, малітоўнікі ад сваіх памерлых бабуляў, кніжкі, якім сто або нават больш гадоў».

У малітоўнік «на ўсё жыццё», якім бы чалавек мог карыстацца ў самых розных сітуацыях, уключылі не толькі асноўныя, найважнейшыя малітвы. У новай кніжцы 36 літаній, Ютрань, нядзельныя Нешпары, малітвы ў падарожжы, на провады хлопца ў войска, на жаніцьбу, шмат старадаўніх малітваў за памерлых, сакрамэнты.

Складальнікі малітоўніка карысталіся не толькі польскімі кніжкамі, але і ўжо зробленымі перакладамі малітваў з часопіса «Ave Maria», з інтэрнэту, а пасля аддалі сабраны матэрыял спецыялісту беларускай мовы, які ўнёс карэктуры.

«Малітоўнік выдалі для таго, каб людзі маглі чытаць, пазнаваць, быць з Богам, таму назвалі кніжку цытатай з Бібліі – «Бог добры», што часта сустракаецца ў псальмах. Малітоўнік як бы заахвочвае чалавека: не бойся пагаварыць з Богам, Ён добры! Ён хоча твайго шчасця, хоча тваёй радасці, хоча табе дапамагчы, навучыся размаўляць з добрым Богам! Дзякуем Пану Богу, што мы змаглі рэалізаваць гэтую ідэю», - падзяліўся айцец Пётр Бялевіч.

Кніжку выдала Душпастырства сем’яў Пінскай дыяцэзіі і місіянеры-аблаты Беззаганнай Марыі накладам у некалькі тысяч асобнікаў, але калі будуць жадаючыя набыць малітоўнік з іншых дыяцэзій, можа быць надрукаваны дадатковы тыраж.

З выданнем можна будзе ўпершыню пазнаёміцца на юбілеі дыяцэзіі ў Пінску, пасля гэтага малітоўнікі перададуць у парафіі дыяцэзіі.

Таксама да 90-годдзя дыяцэзіі выдадзена спецыяльная брашура на базе пінскай катэдральнай газеты «Добра, што ты ёсць».

На 20 старонках брашуры – асноўныя звесткі аб гісторыі і сучаснасці дыяцэзіі, духоўнай семінарыі ў Пінску, знакавых пастырах, мясцовых святых і благаслаўлёных, пінскіх біскупах.

Павел Міцкевіч

Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё (MV)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.