Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гомельскія католікі правялі малебен на месцы масавых расстрэлаў
Беларусь - Пінская дыяцэзія
03.11.2015 10:13

2 лістапада, ва ўспамін усіх памерлых вернікаў, гомельскія католікі традыцыйна правялі малебен каля крыжа на 9-м кіламетры Чарнігаўскай шашы – на месцы, дзе карнікі НКУС здзяйснялі масавыя расстрэлы, у тым ліку святароў і свецкіх вернікаў. Гэта адно з месцаў масавых расстрэлаў ахвяраў бальшавіцкага тэрору ў перыяд 1919-1940 гг.

Малебен правялі пробашч парафіі Нараджэння Божай Маці кс. Славамір Ласкоўскі і адміністратар парафіі Унебаўзяцця Божай Маці кс. Андрэй Шут. На малітве сабралося больш за 50 вернікаў, у тым ліку многія сваякі нявінна забітых.

«Гэты крыж – месца вельмі сімвалічнае, таму што ў гэтых ваколіцах ў 30-я гады, перш за ўсё ў 1937 годзе, расстрэльвалі вельмі шмат католікаў, праваслаўных, святароў абедзвюх канфесій. І ў тутэйшых лясах знаходзілі шмат такіх месцаў, як гэта, – сказаў ксёндз Славамір Ласкоўскі. – І мы прыходзім сюды з любоўю, таму што Езус казаў сваім вучням любіць ворагаў і маліцца за іх. Мы ведаем сведчанні нашых пакутнікаў, якія ў момант расстрэлаў маліліся ў тым ліку і за сваіх карнікаў. Гэты подзвіг магчымы толькі пры адной умове – калі ў нашым сэрцы ёсць Святы Дух. Таму збіраемся тут не для таго, каб зводзіць рахункі з кімсьці, а каб маліцца і за нашых братоў, і за іх забойцаў. Разумеем, што жыццё чалавека не канчаецца смерцю, а толькі змяняецца. Прыходзім дзякаваць Богу за гэтых сведкаў веры, бо сёння развіваецца Касцёл дзякуючы таму, што гэтая зямля насычана крывёй пакутнікаў. Мы ідзем па іх слядах і вучымся вернаму служэнню Богу аж да праліцця крыві, калі ў гэтым ёсць Яго воля».



 

Святар нагадаў, што і сёння ў свеце вельмі шмат людзей аддаюць свае жыцці за Езуса Хрыста: многія хрысціяне ў Сірыі, Іране, Іраку, Паўночнай Карэі, Кітаі, Афрыцы маюць мужнасць быць да канца вернымі Пану.

«Таму што, калі ў сваім жыцці сустракаешся з уваскрослым Езусам, ужо немагчыма сказаць, што гэта няпраўда. Калі ў сваім сэрцы набыў ісціну, вельмі цяжка ад яе адмовіцца», – адзначыў ксёндз Славамір Ласкоўскі.

Упершыню на набажэнстве прысутнічаў прадстаўнік мясцовы уладаў - спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы гарвыканкама, яком святар падзякаваў за ўдзел. Таксама ён выказаў падзяку групе гомельцаў, якія даглядаюць за гэтым месцам памяці, падтрымліваюць яго ў належным стане.

Напярэдадні, 1 лістапада, ва ўрачыстасць Усіх Святых, прайшлі малебны на могілках.

Паводле katolik-gomel.by

(AG)

 

Фота katolik-gomel.by

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.