Незвычайная капліца, якая змяшчае каталіцкую скульптуру Маці Божай і праваслаўныя іконы, знаходзіцца ў вёсцы Пастарынне на мясцовых могілках. Могілкі лічацца каталіцкімі, але там хаваюць вяскоўцаў абедзвюх канфесій.
Пры ўваходзе наведвальнікаў сустракаюць жалезны крыж, імправізаваная званіца і нядаўна пабудаваная каплічка.
– Ідэя пабудаваць каплічку з’явілася ў нас даўно, – расказаў Intex-press мясцовы жыхар Мар’ян Ліс. – Неяк мы з сям’ёй пабывалі на экскурсіі ў вёсцы Мосар на Віцебшчыне, дзе пазнаёміліся з мясцовым ксяндзом Ёзасам Булькам. Спадабаўся нам вельмі касцёл і тэрыторыя вакол яго – з кветкамі, ручаямі і скульптурамі. Але асабліва ўразілі мясцовыя могілкі: ні аднаго занядбанага пахавання, шмат зеляніны, зацэментаваныя сцежкі і вялікая колькасць капліц і каплічак. На капліцах былі надпісы, якая сям’я іх будавала і за што такім чынам дзякавала Богу. Я расказаў пра гэта нашым «актывісткам», з якімі разам даглядаем могілкі – Ганараце Лапкоўскай і Ганне Савельевай, – і яны «загарэліся» таксама. Мар’ян Ліс намаляваў праект, жанчыны пачалі шукаць матэрыялы. Капліца спачатку планавалася каталіцкай – са скульптурай Маці Божай усярэдзіне, але праваслаўныя аднавяскоўцы таксама захацелі далучыцца, калі даведаліся пра гэткую добрую справу. Давялося перарабляць праект і збіраць больш грошай. Цяпер каплічка выглядае як сапраўдны твор народнага дойлідства. У сярэдзіне стылізаванага грота знаходзіцца скульптура Панны Марыі, з трох бакоў у нішах – іконы, і, як сімвал добрага суседства – праваслаўны і каталіцкі крыжы.
– Калі распачыналі будаўніцтва, не думалі, што на гэта спатрэбіцца столькі выдаткаў, – кажа Ганарата Лапкоўская. У 85 гадоў яна дагэтуль апякуецца могілкамі: уласнаруч прыбірае да святаў закінутыя пахаванні, збірае пастарынцаў на талаку, калі трэба скасіць зелле ці пафарбаваць агароджу.
Нягледзячы на тое, што ўсе вяскоўцы прынялі ўдзел у зборы сродкаў на будаўніцтва, сродкаў на ўсё не хапіла б. Жыхарам Пастарыння дапамаглі мясцовыя мецэнаты: кіраўнік ААТ «Агракамбінат “Мір”» Іван Клішэўскі – цэглай, прадпрымальнік Вячаслаў Серада вырабіў іконы, а таксама аздобіў капліцу і пляцоўку вакол яе пліткай. Могілкі ў вёсцы Пастарынне ў гэтым сэнсе з’яўляюцца выключэннем. Тут няма старых дрэваў, смецця, занядбаных пахаванняў, уся тэрыторыя старанна прыбраная і дагледжаная. – Вельмі задаволеныя, што ўсё ў нас атрымалася, як задумалі, – тлумачыць Мар’ян Ліс. – Цяпер ёсць дзе памаліцца і праваслаўным на Радаўніцу, і католікам на Дзяды. На могілках часцей сталі з’яўляцца наведвальнікі, каб упарадкаваць пахаванні. Такая справа патрэбна болей нам, жывым. Вёска, на жаль, знікае, і могілкі – гэта адзінае, дзе некалі будзе захоўвацца памяць пра нас.
Паводле intex-press.by
(AG) Фота intex-press.by
|