Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Брэсцкія грэка-католікі паставілі ў Курапатах крыж у памяць ахвяр камунізму
Беларусь - Пінская дыяцэзія
13.11.2015 12:45

У Курапатах 7 лістапада быў устаноўлены і асвечаны новы крыж — у памяць пра рэпрэсаваных і знішчаных у савецкіх канцлагерах жыхароў Брэстчыны.

Яшчэ адзін адметны крыж у месцы масавых расстрэлаў у Курапатах (усяго там ужо каля тысячы крыжоў) паўстаў дзякуючы жыхарам Брэста, якія вырашылі такім чынам ушанаваць памяць пра сваіх вядомых і невядомых землякоў, што загінулі ў часы бальшавісцкіх рэпрэсій.

Хоць ад пачатку ініцыятыва па ўстаноўцы памятнага крыжа ў Курапатах нарадзілася ў трох вернікаў грэка-каталіцкай парафіі ў Брэсце і асноўныя выдаткі адразу пагадзіліся ўзяць на сябе некалькі прадпрымальнікаў, было вырашана, што справа па ўшанаванні памяці рэпрэсаваных жыхароў Брэстчыны павінна насіць больш шырокі, пазаканфесійны характар.

Далучыліся грашовымі выдаткамі, ахвярнай працай і рознай дапамогай многія сябры і знаёмыя ініцыятараў — праваслаўныя, рыма-католікі, пратэстанты, іўдзеі — усяго больш за 60 чалавек.

Ахвяраванні на крыж сабралі літаральна на працягу тыдня. Складалі іх самыя розныя людзі: прадпрымальнікі, выкладчыкі, настаўнікі, будаўнікі, журналісты, інжынеры, архітэктары, мастакі, святары, грамадскія актывісты і звычайныя людзі, прычым не толькі з Брэста, але і з Івацэвічаў, Кобрына, Янава, а таксама брэстчане, якія жывуць у Мінску.


Пасля ўсталявання крыж быў асвечаны грэка-каталіцкім святаром з Брэста айцом Ігарам Кандрацьевым. Разам з дыяканам Віталём Быстровым святар адправіў паніхіду па ўсіх ахвярах — вядомых і невядомых, што загінулі ў часы камуністычных рэпрэсій як у Курапатах, так і ў зняволенні. Прысутныя на ўрачыстасці жыхары Брэста, Івацэвічаў, Баранавічаў і Мінска праспявалі трагічна загінулым «Вечная памяць» і гімн-малітву за Беларусь «Магутны Божа».

Паводле праваслаўнага календара ў гэты дзень выпала памінальная Змітраўская субота, і ў гэты ж час непадалёку праваслаўныя святары пры ўдзеле вернікаў таксама адслужылі ва ўрочышчы Курапаты паніхіду за ўсіх бязвінна забітых у гады бальшавісцкага тэрору. Памінальную малітву ўзначаліў а. Адрыян Латушка, які служыць у праваслаўным прыходзе ў вёсцы Цна, да якога адносіцца і ўрочышча Курапаты. Спяваў хор Брацтва Віленскіх мучанікаў пры Петрапаўлаўскім саборы Мінска. Разам з імі маліліся праваслаўны святар а. Аляксандр Шрамко і вернікі мiнскага прыходу Арханёла Міхаіла.


У выступленнях пасля асвячэньня крыжа адзначалася, што Курапаты сталі сапраўдным народным мемарыялам, створаным намаганнямі грамадскасці; з Курапатаў пачалося новае беларускае Адраджэнне і шлях да незалежнасці краіны. Прагучала думка, што крыжы, усталяваныя ў Курапатах, не павінны заставацца ананімнымі, на іх з часам павінны з'явіцца імёны канкрэтных людзей — як знакамітых сыноў і дачок Беларусі, так і людзей звычайных, што загінулі не толькі ў Курапатах, але і ў іншых мясцінах бяскрайняга і страшнага па сваёй нялюдскасці архіпелагу ГУЛАГ.

ГУЛАГ (руск.: Главное управление исправительно-трудовых лагерей, трудовых поселений и мест заключения) — у СССР у 1934–1956 гадах падраздзяленне, якое кіравала сістэмай канцэнтрацыйных лагераў. У сістэму ГУЛАГа уваходзіла больш за 30 тысяч рознага роду месцаў зняволення.

Толькі ў 1939-1941 гг. было рэпрэсавана больш за 125 тыс. жыхароў Заходняй Беларусі (гэта без уліку польскіх вайскоўцаў). Многія з іх загінулі, у тым ліку ў Курапатах. Яшчэ дольш і больш пакутвала Усходняя Беларусь.


Крыж у памяць пра рэпрэсаваных жыхароў Брэста ў лясным масіве Курапаты зможа лёгка знайсці кожны, бо месца для яго аказалася побач з мемарыяльным знакам у выглядзе лавы, які падараваў Прэзідэнт ЗША ад амерыканскага народа дзеля пашаны і памяці пра тысячы бязвінных ахвяраў беларускага народа.

Вышыня крыжа над зямлёй больш за 4,3 м. Была абрана традыцыйная для Заходняга Палесся форма простага чатырохканцовага крыжа, з упрыгожаннем на канцах у выглядзе прамавугольных дошчачак і кругляша («каточка»). Выраблены крыж з сасны, а знізу дадаткова абшыты лістоўніцай. На ім выразаны надпіс: «Памяці берасцейцаў. 1939-1941». За ўзор былі ўзяты крыжы, якія яшчэ можна сустрэць на Століншчыне, Піншчыне, у Прыбужжы, у вёсках пад Белавежскай ці Ружанскай пушчамі. Такія крыжы ў Беларусі раней ставілі і праваслаўныя, і католікі абодвух абрадаў.

Магчыма, менавіта ў Курапатах, каля крыжа «Памяці берасцейцаў», варта ўстанавіць крыжы ў памяць вядомых ураджэнцаў Брэсцкай вобласці, месцы пахаванняў якіх невядомыя.

Сярод такіх асобаў варта ўзгадаць, напрыклад, наступных: юрыст і гісторык, адзін з кіраўнікоў ураду БНР, ураджэнец Брэста Аляксандар Цвікевіч (расстраляны ў Мінску 30 снежня 1937 г.), яго родны брат Іван Цвікевіч — беларускі грамадскі і навуковы дзеяч, публіцыст (расстраляны 1 жніўня 1938 г. у Алтайскім краі); беларускі пісьменнік, драматург, рэжысёр, актор і мастак, першы народны артыст БССР (1928), ураджэнец в. Лясная ў Баранавіцкім раёне Уладзіслаў Галубок (расстраляны 28 верасня 1937 г. у турме НУС у Мінску); дырэктар Віленскай беларускай гімназіі, сябра Беларускага пасольскага клубу ў польскім сейме, рэдактар і публіцыст Міхаіл Кахановіч з в. Вялікія Лукі ў Баранавіцкім р-не (расстраляны ў Мінску 17 мая 1934 г.); заходнебеларускі грамадска-культурны дзеяч, навуковец, журналіст і краязнавец з в. Шані Пружанскага р-на Піліп Засім (у 1931 г. уцёк у СССР, месяц правёў у турме НКУС у Мінску і быў высланы ў Польшчу, а пасля вайны рэпрэсаваны і лёс яго невядомы); беларускі патрыёт, кандыдат багаслоўя і праваслаўны біскуп Слуцкі Мікалай Шэмеціла, які паходзіў з в. Аброва Івацэвіцкага р-на (загінуў у савецкай турме ў 1933 г.).


Дзень 7 лістапада ў Беларусі застаецца дзяржаўным святам і выходным днём, які адзначаецца як Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі (як казалі ў савецкія часы — «красный день календаря»). Але для многіх сёння, калі адкрылася праўда пра масавыя рэпрэсіі, гэтая дата ў календары і сапраўды асацыюецца з чырвоным колерам, бо моцна пазначана пралітай крывёй мільёнаў бязвінна загубленых бязбожным камуністычным рэжымам людскіх жыццяў. У той жа час традыцыйныя ў Беларусі восеньскія дні памяці продкаў, Дзяды, хоць і прысутнічаюць у календары дзяржаўных святаў 2 лістапада як Дзень памяці, тым не менш з 1998 года больш не з'яўляюцца выходным днём.

Калі ўжо ў Беларусі сёння дзень бальшавіцкага перавароту застаецца выходным днём, грамадскасці, і асабліва хрысціянам, варта адзначаць яго як Дзень памяці ахвяраў камуністычных рэпрэсій, наведваць у гэты дзень такія мясціны, як Курапаты і іншыя месцы расстрэлаў, прысвяціць яго малітве за шматлікіх вернікаў і святароў, што бязвінна загінулі ў часы бальшавіцкага тэрору і змагання з рэлігіяй.

Ігар Бараноўскі, carkva-gazeta.by

(АлГ)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.