Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Дзень духоўных разважанняў для семінарыстаў і ўскладанне сутаны адбыліся ў Пінску
Беларусь - Пінская дыяцэзія
16.11.2015 16:24

14 лістапада ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя святога Тамаша Аквінскага ў Пінску прайшоў дзень духоўных разважанняў, які правёў а. Алег Шэнда OFMCap. На гэты раз дзень духоўных разважанняў быў асаблівым чынам прымеркаваны да таго, што навучэнец трэцяга курса Януш Чарнамораў рыхтаваўся атрымаць духоўны строй – сутану.

Семінарысты разважалі ў гэты дзень над пакліканнем і сваёй хрысціянскай тоеснасцю. Такія дні адбываюцца ў семінарыі раз у месяц, каб сярод вучобы і штодзённых справаў вызначыць час для большай засяроджанасці і малітвы, адпачыць у цішы з Езусам. Каб гэты дзень можна было перажыць больш плённа, ён праходзіць у святым маўчанні.
 
Айцец Алег Шэнда засяродзіў асаблівую ўвагу навучэнцаў на знаках, якія знешне выражаюць нашую тоеснаць, тое, кім мы з’яўляемся на самой справе. Рэкалекцыяніст заахвоціў падумаць над пытаннем: калі хрысціяне не сведчаць аб Хрысце словамі, учынкамі, жыццём, то ці сапраўдныя гэта хрысціяне? Так і сутана, па словах святара, з’яўляецца знакам прыналежнасці да Хрыста, знакам аддання сябе гэтаму служэнню.

Таксама рэкалекцыяніст заўважыў, што любыя знешнія знакі будуць фальшывымі, калі будуць адрознівацца ад таго, што ўнутры, у сэрцы. Святар дадаў, што, каб дзяліцца жывой верай і сведчыць аб жывым, уваскрослым Хрысце, трэба мець жывое і чыстае сэрца, і тут няма месца падману і крывадушнасці. «Трэба зазірнуць глыбей у сябе, каб убачыць сябе у праўдзе», – адзначыў а. Алег Шэнда.

На заканчэнне дня дэкан семінарыстаў падзякаваў рэкалекцыяністу ад імя ўсёй супольнасці за тое, што ў простых, жывых і шчырых словах той прамаўляў да сэрцаў і ўласным сведчаннем веры яшчэ больш падтрымаў і накіраваў семінарыстаў на шляху наследавання Хрыста ў праўдзе і аўтэнтычнасці.

На наступны дзень у катэдральным касцёле Пінска адбылася ўрачыстая святая Імша з ускладаннем духоўнага строю – сутаны. Раздзяліць гэтую радасць з семінарыстам Янушам Чарнаморавым прыехалі шматлікія госці, родныя і блізкія. Эўхарыстыю ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

У гаміліі іерарх адзначыў, што сутана з’яўляецца своеасаблівым «мундзірам» для таго, хто аддае ўсё дзеля поўнага служэння Пану. Таксама пінскі ардынарый узгадаў гісторыю і сімвалічнае значэнне гэтай духоўнай вопраткі і заахвоціў семінарыста, які будзе яе насіць, да вернага наследавання Езуса Хрыста, які паклікаў яго да свайго служэння.

Пасля Імшы прагучала шмат цёплых слоў, падзякаў, віншаванняў. Для таго ж, каб Януш Чарнамораў і далей ішоў дарогай паклікання да Хрыстовага святарства, ён мае патрэбу ў малітве.

Паводле seminaryja.by

(AG)

Фота seminaryja.by


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.