У гомельскай Дзіцячай вёсцы адбылося свята |
Беларусь - Пінская дыяцэзія
|
18.11.2015 17:31 |
Традыцыйны Дзень Анёла-ахоўніка адзначылі ў гомельскай Дзіцячай вёсцы (Гомельскім доме-інтэрнаце для дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця).
У інтэрнаце адбылася праваслаўная Літургія, якую правёў іерэй Свята-Траецкага храма айцец Мікалай Кадацкі, пасля чаго дзеці выступілі з канцэртам, а сёстры бэнэдыктынкі, якія апякуюцца дзецьмі, разам з персаналам падрыхтавалі салодкі стол.
Адметна, што да свята ў Дзіцячай вёсцы з’явілася вулічная гульнявая пляцоўка, на якую збірала ахвяраванні Дабрачыннае каталіцкае таварыства «Карытас-Міласэрнасць». Дырэктар арганізацыі Валянціна Казлова і ўвесь персанал дзякуюць тым, хто ахвяраваў грошы для дзяцей-інвалідаў, бо яны развіваюцца і вулічная гульнявая пляцоўка была вельмі неабходная. ТАА «100 гульняў» прадаставіла пляцоўку са скідкай і бясплатна ўсталявала яе. Падчас свята айцец Мікалай Кадацкі асвяціў гульнявую пляцоўку.
Тры гады таму праваслаўныя і католікі пачалі сумеснае служэнне ў Дзіцячай вёсцы, пабудаванай «Карытас - Міласэрнасць».
Унікальная для Беларусі дзіцячая вёска была ўрачыста адкрыта 12 кастрычніка 2011 года. Хоспіс пабудаваны на грошы замежных дабрачынных арганізацый і католікаў з Германіі, Аўстрыі, Італіі і іншых еўрапейскіх дзяржаў.
Вёска разлічана на пражыванне 60 хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўмовах, максімальна набліжаных да сямейных. У такім асяроддзі, а таксама дзякуючы пастаянным дыдактычным і рэабілітацыйным заняткам, магчыма максімальна поўнае развіццё асобы. Пяць асобных груп-сем’яў уключаюць па 15 чалавек. Звяном, якое злучае такую групу-сям’ю, з’яўляецца сястра-законніца Ордэна бэнэдыктынак-самарыцянак Крыжа Хрыстовага, якая разам з дапаможным персаналам клапоціцца аб належным клімаце выхавання і апякуецца дзецьмі. Дзейнасць хоспіса арганізавана пры падтрымцы абласнога камітэта па працы і сацыяльнай абароне насельніцтва.
Паводле katolik-gomel.by (AG) Фота katolik-gomel.by
|