Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Урачыстасць Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету, адзначылі ў Баранавічах
Беларусь - Пінская дыяцэзія
24.11.2015 12:55

Ва ўрачыстасць Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету, у парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Баранавічах адбылося прыняцце кандыдытаў у міністранты і лектары і збор сродкаў на патрэбы Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску.

Кандыдатаў у шэраг міністрантаў да літургічнай службы пры алтары, а таксама чатырох міністрантаў у лектары для асаблівай паслугі чытання Божага слова прыняў пробашч парафіі кс. Валянцін Новак падчас урачыстай святой Імшы.

Традыцыйна ў гэтую ўрачыстасць навучэнцы Міждыяцэзіяльнай духоўнай вышэйшай семінарыі ў Пінску наведваюць парафіі Беларусі, каб асабіста дзякаваць за малітву і падтрымку для душпастыраў і вернікаў, маліцца з імі і за іх, а таксама прасіць, каб вернікі і надалей не пакідалі семінарыстаў без малітоўнай апекі.

Усе ахвяраванні ў гэты дзень збіраліся на патрэбы семінарыі, для ўтрымання, выхавання і фармацыі будучых святароў.

У межах візіту касцёл наведаў семінарыст пятага курса Андрэй Багдановіч, які на працягу дня маліўся разам з парафіянамі і агучваў для вернікаў ліст на гэтую ўрачыстасць ад рэктара семінарыі кс. Андрэя Рылкі.

Гэты дзень стаў знакавым для новаўстаноўленых міністрантаў і лектараў, якія пачалі новае служэнне, і для семінарыі, якой Бог дазволіў у сваёй апецы і Прадбачлівасці, дзякуючы дапамозе вернікаў Касцёла, пражыць яшчэ адзін год, выгадаваць новых святароў і выконваць надалей сваё заданне.

Паводле crux.by (MV), (AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.