Сучаснасць і традыцыя. Як будзе выглядаць новы касцёл Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Брэсце? |
Беларусь - Пінская дыяцэзія |
02.12.2015 13:50 |
Catholic.by атрымаў малюнкі магчымага выгляду новага касцёла ў Брэсце, які заканчвае праектавацца і будзе пабудаваны на вуліцы Сонечнай. Новая святыня атрымае той жа тытул, што і забраны ў савецкі час касцёл у гарадскім раёне Граеўка — Найсвяцейшага Сэрца Езуса. На фота: так будзе выглядаць новая святыня Чакаецца, што праект чацвёртага ў Брэсце касцёла будзе скончаны ў першай палове 2016 года. У брэсцкім раёне Граеўка ў 1932 годзе паўстаў касцёл Найсвяцейшага Сэрца Езуса. Ён быў пабудаваны ў модным у тыя часы стылі канструктывізму і павінен быў асацыявацца з цягніком, які вядзе «машыніст» Езус. Гісторыя святыні аказалася трагічна кароткай — ужо ў 1941 ён быў адабраны савецкімі ўладамі пад саляны склад і потым адкрыўся толькі з прыходам нямецкіх войск. Пасля вайны касцёл зноў быў адабраны. У 1952 годзе ў ім адчынілі рэстаран, а потым будынак непазнавальна перарабілі пад Палац чыгуначнікаў. У 2011 годзе працу над узнаўленнем дзейнасці парафіі пачаў біскуп Казімір Велікаселец, тады ж былі скіраваны і першыя звароты да ўладаў горада аб вяртанні святыні католікам Брэста. Макет касцёла Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў 1932 годзе. Аднак вярнуць стары будынак Касцёлу аказалася немагчымым, таму было вырашана пабудаваць новую святыню. 30 сакавіка 2013 года мэр горада зацвердзіў месца размяшчэння каталіцкай святыні ў мікрараёне Рэчыца. У гэты час парафіяй займаліся айцы кармэліты, аднак у кастрычніку 2015 года яны пакінулі Брэст, і на парафію прыйшоў новы пробашч — ксёндз Юрый Хіневіч. Аляксандр Гелагаеў паводле brestcatholic.by |