Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Выйшаў фільм аб гістарычным абліччы Гомеля з 3D-макетам узарванага касцёла (відэа)
Беларусь - Пінская дыяцэзія
04.12.2015 14:03

Энтузіясты паказалі, як будзе выглядаць галоўная плошча горада, калі на ёй аднавіць касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, які быў разбураны бальшавікамі ў 1940 годзе, і пажарнае дэпо з каланчой, якое знеслі ў 1960-х гадах.

Адбылася прэзентацыя праекта «Пошукі старога Гомеля», у рамках якога былі адноўлены ў 3D будынкі, што знаходзіліся раней на галоўнай плошчы горада. Група гомельскіх краязнаўцаў-валанцёраў рэалізавала ідэю аб стварэнні фільма аб выглядзе гістарычнага цэнтру горада.

Па звестках гісторыкаў, касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі быў пабудаваны па праекце англійскага архітэктара Джона Кларка ў 1818 годзе па замове Мікалая Румянцава ў стылі класіцызму. За аснову гомельскага храма быў узяты рымскі Пантэон.


У 1938 г. бальшавікі зачынілі касцёл, а праз два гады яго ўзарвалі. Паводле гарадской легенды, дом, які пазней пабудавалі з касцёльнай цэглы, першым пацярпеў пры бамбёжцы падчас Другой сусветнай вайны.

Крыніцы, якімі карысталіся аўтары, — дарэвалюцыйныя фотаздымкі, аэрафотаздымкі, таксама краязнаўцы кансультаваліся з даследчыкамі. Супастаўляючы савецкія і нямецкія аэрафотаздымкі, аўтары фільма змаглі высветліць дакладнае месцазнаходжанне касцёла — раней яно было вядома толькі прыблізна. Святыня стаяла там, дзе зараз знаходзіцца пляцоўка перад уваходам у цяперашні Галоўпаштамт.


Праектам займаюцца гісторык Марыя Булавінская, краязнаўца і архітэктар Сяргей Ляпін і іншыя аматары мінуўшчыны. У прыватнасці, студэнт-архітэктар Раман Рошчанка — адмыслоўца па архітэктурнаму мадэляванню — займаўся асноўнай тэхнічнай працай, робіць 3D-мадэлі будынкаў.


Фільм «Пошукі старога Гомеля»

Katolik-gomel.by (АлГ)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.