Святары і кансэкраваныя асобы Пінскай дыяцэзіі падзяліліся аплаткай у межах пастырскай сустрэчы |
Беларусь - Пінская дыяцэзія |
30.12.2015 12:40 |
29 снежня ў пінскім катэдральным касцёле прайшла пастырская сустрэча святароў і кансэкраваных асобаў Пінскай дыяцэзіі. Напрыканцы сустрэчы ўдзельнікі падзяліліся аплаткай з нагоды святаў Божага Нараджэння. Святую Імшу ў межах сустрэчы ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.
У гаміліі асаблівая ўвага была звернута на тое, што святы Божага Нараджэння – асаблівы, выключны час, калі можна ўзірацца ў постаці Езуса, Марыі і Юзафа. Адзначалася, што для святароў гэта час асабліва інтэнсіўнай працы, таму гэтая пастырская сустрэча — добрая нагода, каб «спыніцца, пабыць разам, каб таксама пачуць слова Бога». Было заўважана, што «Бог стаў чалавекам, захацеў жыць так, як кожны з нас, прыняў тое, што ёсць у жыцці, у тым ліку тое, што чалавечае жыццё заканчваецца смерцю. Ён усё гэта прыняў і захацеў жыць пасярод нас», «захацеў жыць з кожным з нас, з табой, са мной, прымаць нашыя капрызы. Гэта значыць, што Ён любіць нас».
Езус Хрыстус, як было дададзена, прыходзіць, каб «адкрыць нам вочы», і кажа пра сябе: «Я Святло свету» Але «гэта не значыць, што хтосьці з нас – уладальнік Святла, калі ён ведае закон», бо «мець святло – гэта значыць мець пакору, каб, як Сімяон, сказаць Богу: "Пане, мае вочы ўбачылі Тваё збаўленне, і таму я ўжо магу паміраць, бо Ты застаешся верным"». «Мае Святло той, хто мае любоў Бога і таму ўжо не можа ненавідзець свайго брата», – звярталася ўвага ў гаміліі.
Затым у будынку Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску прайшла аплаткавая сустрэча духавенства і кансэкраваных асобаў дыяцэзіі. Удзельнікі падзяліліся аплаткай і павіншавалі адзін аднаго са святамі.
(AG) |
Фотарэпартаж |