Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Серыя ўнікальных біблійных мініяцюр створана ў Гомелі
Беларусь - Пінская дыяцэзія
07.01.2016 10:24

Каб упрыгожыць дом да Божага Нараджэння і ўрачыстасці Аб’яўлення Пана, гомельскі католік Аляксей Дабрыян разам з жонкай Вольгай не набывалі ў касцёле гатовую «батлейку», а зрабілі яе сваімі рукамі — разам з фігуркамі евангельскіх персанажаў. Такім чынам сужэнцы захацелі паказаць сваім дзецям, як нарадзіўся Збаўца.

Не дзіўна, што «батлейка» атрымалася сапраўды ўнікальнай, бо Аляксей даўно захапляецца незвычайнай справай — збірае і вырабляе мініяцюры. А нядаўна ён пачаў ствараць мініяцюры біблійных герояў.

Пра гісторыю свайго захаплення Аляксей распавёў беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё. «Я калекцыянер з амаль саракагадовым стажам, а гэта амаль усё маё свядомае жыццё. “Салдацікі” — вось прадмет майго захаплення. Індзейцы і каўбоі Дзікага Захаду, рымскія легіянеры, сярэднявечныя рыцары, рускія дружыннікі, французскія мушкецёры, напалеонаўскія салдаты, савецкія артылерысты і нямецкія танкісты Другой сусветнай мірна ўжываюцца на маіх паліцах з бравымі ваярамі фантастычных сусветаў і агнядышным цмокам», — прызнаўся ён.

Цяпер на паліцах у пакоі Аляксея з’явілася і калекцыя новых герояў — хрысціянскіх «жаўнераў». Калі калекцыянер прыйшоў у Касцёл і адкрыў для сябе веру, яму стала цікавая хрысціянская тэматыка.

«Якое ж было маё здзіўленне, калі рынак маштабных мініяцюр не змог задаволіць мой попыт! З гэтага моманту, з нараджэння ідэі стварыць серыю мініяцюр, прысвечаных хрысціянскай тэматыцы, усё і пачалося. Праз мініяцюрныя выявы біблійных персанажаў, святых і проста тых, хто прысвяціў сябе служэнню, хачу пазнаёміць людзей з хрысціянствам і яго гісторыяй. Калі шукаў каманду аднадумцаў, сутыкнуўся з першымі цяжкасцямі. Аказалася, вельмі цяжка знайсці тых, хто гатовы працаваць з рэлігійнай тэматыкай. Усе гатовыя гаварыць пра вайну, пра любыя іншыя рэчы, толькі не пра веру, а ўжо тым больш узяцца за выраб мініяцюры», — распавёў калекцыянер-католік.

Аляксей знайшоў аднадумца, а яшчэ праз некаторы час ім пагадзіліся дапамагчы скульптары з Украіны: Канстанцін Ткачэнка з Днепрапятроўска, які стаў стваральнікам першай майстар-мадэлі, і Улад Булгакаў з Вінніцы. Улад не толькі аўтар астатніх чатырох мініяцюр, але і першы настаўнік каманды. Ён прыняў у сябе гасцей, за што яны дагэтуль вельмі ўдзячныя, і правёў майстар-класы па лепцы і ліццю з выкарыстаннем сіліконавых форм.

Сёння ў каманды гатова першая серыя з пяці фігур. Стваральнікі сціпла кажуць пра сябе, што яны не прафесіяналы, а толькі вучацца, але спадзяюцца, што з Божай дапамогай удасца стварыць годнае ўвасабленне сваіх ідэй.

Правобразам для першых біблійных фігур сталі скульптуры з розных краін, устаноўленыя побач з храмамі — не копіі, але крыніцы натхнення. Фігуры выкананы з мадэльнага ліццёвага пластыка з дапамогай тэхналогіі ліцця пад ціскам у сіліконавыя формы. Стваральнікі ўжо гатовы падзяліцца сваімі вырабамі з іншымі калекцыянерамі і ўсімі зацікаўленымі.

Павел Міцкевіч, беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.