Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святочны абед для больш чым 100 патрабуючых напярэдадні 7 студзеня зладзілі ў Доме міласэрнасці ў Гомелі
Беларусь - Пінская дыяцэзія
07.01.2016 14:35

Напярэдадні Раства Хрыстова, якое праваслаўныя святкуюць 7 студзеня, і ў каталіцкую ўрачыстасць Аб'яўлення Пана ў Гомелі прайшоў святочны абед для бяздомных, бедных і патрабуючых.

Традыцыйна ў каталіцкім Доме міласэрнасці сясцёр Маці Тэрэзы такія абеды ладзяць на Божае Нараджэнне і Вялікдзень. У гэты раз каля 120 чалавек сталі гасцямі Дома міласэрнасці.

Спачатку пробашч гомельскай парафіі кс. Славамір Ляскоўскі прачытаў гасцям урывак са Святога Евангелля і звярнуўся з кароткай гаміліяй. Святар нагадаў, што Бог паслаў у свет свайго Сына, каб збавіць людзей, таму што вельмі любіць кожнага такім, які ён ёсць.

Таксама святар заклікаў задумацца над сваімі справамі, каб зразумець, каго мы слухаем — Бога ці сатану, змяніць свае шляхі і хадзіць па шляхах Пана. «З гэтай супольнасці можа атрымацца сапраўдная касцёльная суполка», — сказаў сабраным святар і запрасіў прыходзіць у святыню на Імшу, але — абавязкова цвярозымі.

Затым моладзь прадставіла калядны спектакль, у якім праз сцэнкі, песні і танцы распавяла аб Нараджэнні Хрыста і аб тым, што сёння можна сустрэць Бога ў справах міласэрнасці.


Кожны атрымаў порцыю з гарачай стравай — курыцай і бульбяным пюрэ, а таксама салату і гарбату. Хапіла на ўсіх, а на выхадзе наведвальнікаў чакалі калядныя падарункі: садавіна і цукеркі.

Дом міласэрнасці служыць прытулкам для некалькіх хворых мужчын і жанчын, якія апынуліся на вуліцы без сродкаў да існавання. Місіянеркі рыхтуюць абед для бяздомных, раздаюць прадукты і адзенне для бедных сем'яў і адзінокіх старых, працуюць з дзецьмі з малазабяспечаных і праблемных сем'яў.

Паводле katolik-gomel.by, (IL)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.