Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Гэта магчымасць пабыць з Богам»: уражанні ад ігнацыянскіх рэкалекцый
Беларусь - Пінская дыяцэзія
13.01.2016 00:00

Год надзеі ў кляштары сясцёр Святой Сям’і ў Баранавічах пачаўся рэкалекцыямі пад назвай «Уводзіны ў ігнацыянскую малітву». Яны праходзілі ў два туры: з 1 па 5 студзеня і з 7 па 11-га.

Гэтыя рэкалекцыі мяне прыцягнулі сваёй атмасферай маўчання і цішыні. У штодзённай мітусні, калі ты пастаянна кудысьці ляціш і спяшаешся, вельмі цяжка знайсці час на сапраўды глыбокую размову з Богам, а не павярхоўную, калі ты проста «адтарабаньваеш» чарговы Ружанец або стаіш у касцёле, адначасова ўспамінаючы розныя падзеі дня.

«Проста памаўчаць і пабыць у цішыні» – з такой інтэнцыяй я адправілася на гэтыя рэкалекцыі. Але яна пацярпела фіяска ў першы ж вечар, калі святары раздалі некалькі ўрыўкаў са Святога Пісання для разважання і сузірання.  

«Гэта ваш апошні шанец, каб паразмаўляць перад маўчаннем», – нагадаў адзін са святароў і дадаў, што мы можам задаваць пытанні. Пасля адказаў пачалося нашае маўчанне.

Нам раздалі тры ўрыўкі са Святога Пісання, над якімі мы павінны былі разважаць падчас ігнацыянскай малітвы.

Увогуле, гэтая малітва была адкрыццём для мяне. Ты, можна сказаць, «смакуеш» Божае слова. Усе свае думкі, уяўленні і жаданні скіроўваеш да Пана праз разважанне і сузіранне канкрэтнага ўрыўка са Святога Пісання.

Святары раілі асаблівую ўвагу падчас малітваў звяртаць на тыя вершы, якія моцна «закраналі душу».

Пасля самога разважання, згодна з правіламі малітвы, патрэбна арганізаваць ўнутраны дыялог з Богам, у якім можна сказаць Яму ўсё: папрасіць аб нейкіх ласках, паскардзіцца, выказаць свае жаданні, сумненні, страхі, распавесці пра стан сваёй душы.

Адметным з’яўляецца таксама і тое, што пасля самой малітвы адбываецца яе аналіз. Тут ты ўспамінаеш свае пачуцці і адчуванні, якія ўзнікалі падчас малітвы, – аналізуеш усё тое, што з табой адбывалася ў гэты час.

Прызнацца, у першы дзень рэкалекцый малітва ў мяне «не пайшла». Можа, таму, што яна была адкрыццём для мяне, а можа, з-за таго, што ў галаве, як назло, мітусіліся розныя думкі і ўспаміны.

З’явілася незразумелае пачуццё: ты, здаецца, маўчыш і адначасова «ўнутрана размаўляеш».

Аднак ужо на наступны дзень пасля сур’ёзнай размовы са святаром усё стала на свае месцы, і да канца рэкалекцый удалося наладзіць сапраўдны кантакт з Богам, адчуць Яго прысутнасць, унутраны спакой і суцішэнне. А розныя думкі адышлі на другі план.

Увогуле, штодзённыя размовы са святарамі вельмі дапамагалі разабрацца ў сабе і давалі арыенцір для наступных малітваў.

Чым больш я пагружалася ў Слова і, дзякуючы Святому Духу, адкрывала сябе, тым больш адчувала гармонію і сапраўдную Любоў Бога.

Самае цікавае, што, нягледзячы на маўчанне, якое было ў нашай групе, адчувалася падтрымка з боку іншых удзельнікаў рэкалекцый.

Мы мяняліся выпадковымі поглядамі, усмешкамі, жэстамі і літаральна «разумелі адзін аднаго без слоў». І толькі падчас святой Імшы нашае маўчанне парушалася.

У нашай групе былі ўдзельнікі з розных гарадоў Беларусі – з Мінска, Гродна і Слоніма. І кожны перажываў гэтыя рэкалекцыі па-свойму.

Напрыклад, Ганна Санько з Гродна прызналася мне пасля духоўных практыкаванняў:

«Гэтыя рэкалекцыі паднялі мяне ў духу. Хочацца, каб гэтая любоў, якую Бог мне даў, жыла далей, не затрымлівалася толькі ўнутры. Хочацца дзяліцца гэтай любоўю з блізкімі людзьмі, з якімі ты кожны дзень сустракаешся. Падчас рэкалекцый былі моманты такога цяжару і суму, але і такія моманты неабходныя для таго, каб пачуць гэты голас Бога. І я пачула яго. Ён прыйшоў вельмі нечакана, якраз у той перыяд, калі было так сумна».

Яшчэ адна мая «аднагрупніца», Вольга Гарашэвіч з Мінску, распавяла, што для яе гэта быў «вопыт прыпыніцца сярод штодзённай мітусні і пабыць з Богам».

Некалькі разоў падчас рэкалекцый Бог прамаўляў да мяне ў Святым Пісанні словы «не бойся». Асабліва ў тыя моманты, калі ішла рэальная ўнутраная барацьба з рознымі думкамі.

Сапраўды, важна не баяцца часам пакінуць на некалькі дзён усё і пабыць у такім сапраўдным сузіранні Бога ў Яго слове, паглыбіць дыялог з Ім, каб адчуць Яго прысутнасць і ўсёабдымную Любоў, каб не проста «адгаворваць пацеры», а жыць у дыялогу з Богам.

Марына Валасар, фота аўтара 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.