На свае вочы: як вяскоўцы са Століншчыны пакаленнямі робяць свечкі, ахвяруючы іх Богу |
Беларусь - Пінская дыяцэзія |
27.01.2016 12:32 |
Калі ў вёсцы Лука Столінскага раёна з’явілася традыцыя вырабу Брацкай свечкі, зараз сказаць складана. Аднак у тым, што першую свечку ў паселішчы зрабілі яшчэ некалькі стагоддзяў таму, вяскоўцы ўпэўнены. Як кажуць людзі, адна такая свечка падчас царкоўнай службы гарэла на працягу года: менавіта на столькі часу яе хапала. Гатовую свечку неслі пешшу на плячах за 10 км у Гарадную, дзе знаходзіцца прыхадская царква. Лукенца Івана Гембіцкага рабіць такую свечку навучыў бацька, які, у сваю чаргу, уменні ў гэтай справе атрымаў ад свайго бацькі, а той — ад свайго і гэтак з пакалення ў пакаленне. Робяць свечку напярэдадні Старога Новага года, які па старым стылі адзначаюць у ноч з 13 на 14 студзеня. Раней, як гавораць лукенцы, такія свечкі былі вышынёй прыкладна 150-160 см і важылі каля 15 кг. Свечку рабілі мужчыны, кожны род — сваю. Многія сем’і займаліся бортніцтвам і рабілі яе для таго, каб Бог благаслаўляў іх працу. Зараз жа гэта, у першую чаргу, — ахвяра Богу, Божай Маці і ўсім святым.
Як адзначыў настаяцель храма ў гонар Святой Тройцы ў вёсцы Гарадная айцец Віктар, традыцыя брацкай свечкі пры гэтай царкве была заўсёды: «Гэтыя свечкі існавалі заўжды, з любоўю да Госпада прыхажане ахвяравалі іх храму, традыцыйна ставілі на навалецце. У асабліва ўрачыстыя моманты богаслужэння іх запальвалі». Непасрэдна працэс вырабу такой свечкі займае мала часу, а падрыхтоўка да яго — працяглая. Спачатку патрэбна назбіраць воск. Як расказваюць мясцовыя жыхары, для свечкі братчыкі збіралі воск сярод сваіх пчаляроў, бо яго трэба было шмат.
Адна са свечак усталявана ў мясцовай часоўні ў гонар свяціцеля Лукі Война-Ясянецкага, што не так даўно з’явілася ў вёсцы. Запальваць яе тут будуць у час богаслужэнняў. «Гэта наша ахвяра Богу. Няхай гарыць яна для славы Божай», — кажуць лукенскія братчыкі, бо вераць, што іх ахвяра прынясе дабро ўсім землякам. |