«Калі б нехта зацікавіўся аб’ектам...»: рэстаўрацыя кляштара ў Бярозе Картузскай закранула толькі браму |
Беларусь - Пінская дыяцэзія |
28.01.2016 12:05 |
Манахі картэзіянцы жылі ў кляштары ў Бярозе да 1830-х гадоў. Сёння руіны кляштара — помнік рэспубліканскага значэння, які належыць дзяржаве і ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны. Ці можа быць адноўлены кляштар як помнік архітэктуры? У інтэрв’ю газеце «Звязда» супрацоўніца аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бярозаўскага райвыканкама Вольга Лаўрэнчук распавяла пра сучасны стан кляштара і яго перспектывы. На аднаўленне брамы — 1, 5 мільярда рублёў На фота: выгляд брамы кляштара да рэстаўрацыі — Калі помнік уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны, то дзяржава павінна апекавацца ім? — У Бярозаўскім раёне дастаткова ўвагі надаецца падтрымцы годнага санітарнага і тэхнічнага стану нашых помнікаў, у тым ліку і кляштара. Безумоўна, нам бы хацелася правесці поўную рэстаўрацыю помніка, каб ён паўстаў у першародным выглядзе. Але гэта патрабуе вялікіх выдаткаў. У праграму «Замкі Беларусі» бярозаўскі кляштар не трапіў, але быў уключаны ў праграму «Культура Беларусі», і планавалася выдаткоўванне сродкаў з рэспубліканскага бюджэту. Аднак ні ў 2013, ні ў 2014 гадах фінансавання па гэтай праграме не адбылося. Таму кіраўніцтва раёна вырашыла зрабіць хаця б частку працы: гэта было справай гонару для раёна. Але ўвесь аб’ект аднаўляць за сродкі мясцовага бюджэту было б нерэальна. Насамрэч у нас яшчэ ў 2008 годзе быў распрацаваны праект рэстаўрацыі брамы картэзіянскага кляштара, мы да яго вярнуліся. Усяго на аднаўленчыя работы райвыканкам выдаткаваў 1,5 мільярда рублёў.
На фота: брама кляштара пасля рэстаўрацыі Акрамя таго, каля брамы зроблена добраўпарадкаванне тэрыторыі: дарожку забрукавалі, зрабілі водаадвядзенне, таму што там узровень зямлі быў ніжэйшым за асноўны. Зроблены захады для таго, каб захоўваць браму ў тым выглядзе, які атрымаўся пасля рэстаўрацыі. — Калі раён пачаў важную справу, то, можа быць, будзе працяг? Ёсць жа праект аднаўлення ўсяго помніка, ці не так? — На жаль, далей работ па рэстаўрацыі пакуль не плануецца. Гэта вялікія выдаткі. У нас была мэта адрэстаўраваць браму, і праект быў толькі на яе рэстаўрацыю. Гэтыя работы мы выдатна выканалі. Пакуль у нас падтрымліваецца той стан, які ёсць. Абкошваем тэрыторыю, прыбіраем. Просім, каб не дапускалі выпадкаў вандалізму ці разбурэння рэшткаў сцен. — Аб'ект перспектыўны для турызму: тут жа Ружаны і Косава недалёка... — У Бярозаўскім раёне шмат цікавых аб'ектаў гістарычнай і культурнай спадчыны. Таму наш бярозаўскі музей распрацаваў больш за 17 турыстычных маршрутаў, якія закранаюць кожны з гэтых аб'ектаў. І картэзіянскі кляштар наведвае як мінімум кожны чацвёрты госць нашага раёна. Рэч у тым, што кляштар сапраўды вельмі цікавы сваёй гісторыяй і архітэктурай. Ён пабудаваны паводле эскіза манастыра «Гранд Шантрэз» у Францыі, які там дзейнічае дагэтуль. І такіх няма больш нідзе ў свеце… На фота: картузіянскі кляштар у Бярозе ў 1906 годзе — Ёсць яшчэ ў раёне помнікі, занесеныя ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны? — На тэрыторыі раёна знаходзіцца 26 помнікаў, уключаных у дзяржспіс. З іх два помнікі гісторыі, якія маюць рэспубліканскае значэнне. Акрамя картэзіянскага кляштара, яшчэ сядзібна-паркавы комплекс у вёсцы Пескі. — Калі помнікам гісторыі нават у яго цяперашнім стане цікавяцца людзі, ці не разглядалі вы магчымасці знайсці прыватнага інвестара, які б падключыўся б да яго ратавання, няхай і маючы на ўвазе свае інтарэсы? — Калі б нехта зацікавіўся аб'ектам, мы б з задавальненнем перадалі яго, райвыканкам садзейнічаў бы вырашэнню многіх пытанняў, аказваў бы дапамогу, у тым ліку метадычную, арганізацыйную. Перспектывы там шырокія, але пры гэтым трэба разумець, што патрабуюцца вялікія ўкладанні. Аб'ект важны, каштоўны, рэспубліканскага ўзроўню. Ён мог бы прыносіць карысць і радасць. |